Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне

Расія з самай раніцы 21 лістапада ажыццяўляе масіраваную атаку крылатымі ракетамі з бамбавальнікаў Ту-95МС і аэрабалістычнымі «Кінжаламі». Пад галоўным ударам знаходзяцца горад Дняпро, Міргарад і Крамянчуг.

21.11.2024 / 08:58

Каля 5.30 раніцы паветраныя сілы паведамілі пра ўдар «Кінжалам» па Дняпры. Пасля 6 гадзіны раніцы там паведамілі пра пускі крылатых ракет з Ту-95МС, піша Бі-бі-сі.

Крылатыя ракеты заляцелі ва Украіну перад 7 гадзінай раніцы праз Чарнігаўшчыну, а затым групамі накіраваліся праз Кіеўшчыну на Палтаўшчыну ў Міргарад і Крамянчуг і ў Дняпро.

Цяпер вядома, што ў Дняпры ёсць пашкоджанні прамысловага прадпрыемства, таксама ў горадзе адбыліся два пажары. Пра гэта заявіў кіраўнік вобласці Сяргей Лысак. Удар па вобласці працягваецца, дадаў ён.

У цэлым агульнаўкраінская трывога доўжылася з 5.30 раніцы, каля 7.40 трывогу адмянілі для заходніх абласцей.

Nashaniva.com