Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта
Падчас рэйса авіякампаніі Swiss Air з Цюрыха ў Брусель аднаму з пасажыраў стала дрэнна — тады экіпаж звярнуўся па дапамогу да людзей з медыцынскімі ведамі на борце.
21.11.2024 / 11:09
AP Photo/Geert Vanden Wijngaert
На заклік адгукнулася старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, якая аказала першую дапамогу яшчэ да пасадкі самалёта, піша Bild.
Самалёт з прыярытэтам экстранай пасадкі прызямліўся ў Бруселі, дзе пацыента сустрэлі дактары.
«Іншыя пасажыры чакалі на борце, пакуль дактары займаліся пацярпелым», — расказаў адзін з сведак.
Пасля гэтага фон дэр Ляен паехала на чорным «Мерседэсе», бо ёй трэба было спяшацца на адно з афіцыйных мерапрыемстваў. Сама кіраўніца Еўракамісіі пацвердзіла Bild, што дапамагла пасажыру.
«Мы вярталіся ў Брусель, калі аднаму з пасажыраў патрэбна была дапамога. Як звычайна, экіпаж папрасіў адгукнуцца тых, хто валодае медыцынскімі навыкамі», — распавяла яна.
Урсула фон дэр Ляен мае медыцынскую адукацыю і доктарскую ступень. Гэта ўжо не першы раз, калі яна аказвае дапамогу пасажырам падчас палётаў.