Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію

Хлопца абвінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі.

21.11.2024 / 12:55

Фота: Генпракуратура

Жыхар Віцебска ў чэрвені прыйшоў у банк, каб пакласці грошы на рахунак праз інфакіёск. Па версіі следства, у 20-гадовага хлопца гэта па нейкай прычыне не атрымалася.

Вярнуўшыся дадому, ён патэлефанаваў у кол-цэнтр «Беларусбанка» і ў размове з супрацоўніцай банка нібыта абразіў Лукашэнку. Тая перадала інфармацыю кіраўніцтву, і хлопца затрымалі.

У пракуратуры адзначылі, што абраза прызнаная публічнай, бо яна была нанесеная ў прысутнасці іншага чалавека. Пры гэтым, на думку суда, словы хлопца «падрывалі аўтарытэт Лукашэнкі, яго асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт дзяржаўнай улады ў цэлым».

У судзе хлопец сваю віну прызнаў і патлумачыў, што знаходзіўся ў моцным эмацыйным стане. Суд прызначыў жыхару Віцебска 1 год і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму.

Акрамя таго, у хлопца канфіскавалі тэлефон.

Nashaniva.com