Балістычная ракета, запушчаная сёння Расіяй па Украіне, была не такой, як зразу падавалася
21.11.2024 / 20:23
З'явіліся некаторыя дадатковыя вынікі аналізу ракеты, запушчанай сёння Расіяй па ўкраінскім горадзе Дняпро. Першапачаткова ў Кіеве яе акрэслілі як міжкантынентальную балістычную ракету, але на Захадзе гэтую ацэнку не пацвярджаюць, піша Бі-бі-сі са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі ЗША.
Крыніца паведаміла Бі-бі-сі наступнае:
- Расія запусціла па Украіне эксперыментальную балістычную ракету сярэдняга радыусу дзеяння.
- У ЗША сур'ёзна ставяцца да ўсіх пагроз Украіне, але неабходна ўлічваць, што ў Расіі, верагодна, ёсць толькі «жменя гэтых эксперыментальных ракет».
- Украіна вытрымала незлічоныя расійскія ўдары, у тым ліку ракетамі з боегалоўкамі значна большага памеру.
- Расія паспрабуе выкарыстаць гэтую новую магчымасць для запалохвання Украіны і яе прыхільнікаў і прыцягнення да сябе ўвагі ў інфармацыйнай прасторы, але гэта не зменіць ход гульні.
Асобна крыніца ў адміністрацыі засведчыла, што ЗША пастаўляюць Украіне ў прыярытэтным парадку сотні ракет Patriot і AMRAAM, і гэтыя пастаўкі працягнуцца.
У той жа час прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сённяшнім вячэрнім звароце заявіў, што Расія атакавала Украіну ракетай сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Гэта нібыта быў выпрабавальны пуск гэтай «найноўшай ракеты».