Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Уладзіслаў Хандогій атрымаў першую прэмію 24-га міжнароднага конкурсу піяністаў «Кампазітары Іспаніі» (CIPCE), паведамляе belmir.by.

22.11.2024 / 08:43

Тры прызёры конкурсу разам з арганізатарамі. Фота: cipce.org

Наш 22-гадовы суайчыннік быў прызнаны пераможцам адзінагалосна ўсімі 13 членамі журы — музычнымі экспертамі з Іспаніі, Грузіі, Кубы, Германіі, ЗША, Харватыі, Кітая, Бельгіі, Партугаліі і Італіі.

Другі прыз не быў прысуджаны. Трэці, таксама па адзінагалосным рашэнні членаў журы, падзялілі Чэнь Чжылінь з Кітая і Марта Тэхэра Фернандэс з Іспаніі. Апошняй таксама прысудзілі прэмію за найлепшую інтэрпрэтацыю іспанскай музыкі.

Конкурс праводзіцца штогод і праходзіць у прыгарадзе іспанскай сталіцы — населеным пункце Лас-Росас-дэ-Мадрыд, у мясцовым Канцэртным зале Хаакіна Радрыга. Кожны год ён прысвячаецца творчасці аднаго з іспанскіх кампазітараў.

У спаборніцтве могуць удзельнічаць піяністы з любой краіны ва ўзросце да 36 гадоў. Ёсць чатыры этапы: анлайн-адбор, другі тур (удзельнічаюць максімум 46 чалавек), паўфінал (максімум 10) і фінал (максімум 3).

Конкурс быў прысвечаны кампазітару Томасу Марка. Усе ўдзельнікі павінны былі выконваць яго творы. Аднак у фінале гралі канцэрт для фартэпіяна з аркестрам. Усе фіналісты выканалі творы Рахманінава.

Nashaniva.com