На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі

Некаторыя чыноўнікі ў ЗША і Еўрасаюзе прапанавалі вярнуць Кіеву ядзерную зброю, ад якой Украіна адмовілася пасля распаду СССР, паведамляе выданне The New York Times.

22.11.2024 / 15:04

Фоты: 24-я брыгада УСУ, Vecteezy

Шэраг афіцыйных асоб ЗША і Еўропы актыўна абмяркоўваюць розныя варыянты пасляваеннага стрымлівання Расіі, каб гарантаваць бяспеку і выжыванне Украіны. У якасці такой гарантыі, паводле крыніц The New York Times, у тым ліку разглядаецца размяшчэнне ва Украіне пэўных запасаў як звычайнай канвенцыянальнай зброі, так і ядзернай.

«Некаторыя амерыканскія і еўрапейскія чыноўнікі прапанавалі варыянт, каб ЗША вярнулі Украіне ядзерную зброю, якая была канфіскаваная ў яе пасля распаду Савецкага Саюза. Гэта стала б магутным стрымальным фактарам, які б дазволіў нанесці знішчальны ўдар па Расіі ў выпадку яе паўторнага ўварвання.

Але такі крок быў бы складаным і меў бы сур'ёзныя наступствы», — гаворыцца ў матэрыяле NYT.

Нагадаем, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на нядаўнім саміце ЕС у Брусэлі адзначыў, што абмяркоўваў з Трампам пытанне ўступлення Украіны ў НАТА і Будапешцкі мемарандум, паводле якога Украіна ў мінулым адмовілася ад ядзернай зброі ў абмен на гарантыі ад краін-падпісантаў мемарандума падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт незалежнай Украіны ў міжнародна прызнаных межах 1991 года.

«Украіна мела Будапешцкі мемарандум. У ім удзельнічалі ядзерныя дзяржавы. Сярод іх, безумоўна, былі Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Расія, Францыя. І калі Расія парушыла гэты дакумент, пацярпела толькі Украіна, іншыя ядзерныя краіны не пацярпелі. Украіна аддала ядзерную зброю і сёння ваюе. Пасля гэтага падобным дакументам даверу няма.

У размове з Дональдам Трампам я яму сказаў: які ж у нас выхад? Альбо Украіна будзе мець ядзерную зброю, і тады гэта будзе для нас абарона, альбо мы павінны далучыцца да нейкага альянсу. Акрамя НАТА, мы пакуль не ведаем дзеючых альянсаў. Краіны НАТА сёння не ваююць. У краінах НАТА людзі жывыя… Таму мы выбіраем НАТА, а не ядзерную зброю. Мы выбіраем НАТА. І, як мне здаецца, мяне пачуў Дональд Трамп. Ён сказаў: у вас справядлівыя аргументы», — падкрэсліў Зяленскі.

Таксама ён дадаў, што Трамп падчас сустрэчы даў вельмі прамую інфармацыю, што ён будзе падтрымліваць Украіну.

Украінцаў спыталі: перамовы з магчымай стратай тэрыторый ці вайна да перамогі? Вынікі свежага апытання

Расія ўпершыню выкарыстала супраць Украіны балістычную ракету новага тыпу. Што гэта можа змяніць

Мазгавы цэнтр Крамля незадаволены, што Захад перастаў весціся на ядзерны шантаж. Патрабуе «вяртання страху»

Nashaniva.com