Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца

Іспанія аштрафавала пяць бюджэтных авіякампаній — Ryanair, EasyJet, Vueling, Norwegian Air і Volotea — за парушэнне правоў спажыўцоў. Падставай для гэтага сталі даплаты, якія лаўкостары патрабуюць ад кліентаў за розныя паслугі, у тым ліку ручную паклажу, выбар месца пры палёце з дзецьмі і раздрукоўку пасадачнага талона ў аэрапорце, піша Бі-бі-сі.

22.11.2024 / 21:30

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Nicolas Economou/NurPhoto via Getty Images

Іспанскае Міністэрства сацыяльных правоў і абароны правоў спажыўцоў паведаміла, што агульны памер штрафаў для пяці кампаній складзе 179 млн еўра, і іх прычынай сталі «неправамерныя практыкі». Да іх улады краіны таксама залічылі адмову прымаць наяўныя пры куплі квіткоў у аэрапорце.

Самы вялікі штраф — 107,8 млн еўра — атрымала ірландская кампанія Ryanair, якая з'яўляецца найбуйнейшым лаўкостарам у Еўропе і другім па аб'ёмах перавозак у свеце. Яна адной з першых стала патрабаваць даплату за ручную паклажу (такая практыка пачалася ў лістападзе 2018 года).

Vueling павінна будзе заплаціць 39,3 млн еўра, EasyJet — 29,1 млн, Norwegian Air — 1,6 млн, а Volotea — 1,2 млн. Памер штрафу вызначаны ў залежнасці ад таго, наколькі сур'ёзнымі ўлады лічаць парушэнні і колькі, на іх думку, авіякампаніі зарабілі дзякуючы гэтым парушэнням.

Асобна міністэрства адзначыла практыку Ryanair патрабаваць «непрапарцыйную» даплату за раздрукоўку пасадачнага талона ў аэрапорце.

Улады Іспаніі таксама абвінавачваюць бюджэтныя авіякампаніі ў тым, што цэны на іх квіткі вызначаюцца паводле непразрыстых прынцыпаў — і гэта тычыцца як сайтаў саміх перавозчыкаў, так і іх партнёраў. Такая практыка, адзначылі ва ўрадзе, «не дае спажыўцам магчымасці параўнаць прапановы» і зрабіць інфармаваны выбар.

Іспанскае міністэрства таксама забараніла авіякампаніям працягваць практыкі, за якія яны былі пакараныя.

Першапачаткова Іспанія абвясціла пра штрафы ў маі гэтага года, але авіякампаніі абскардзілі гэтую пастанову. Аднак іх апеляцыі былі адхіленыя.

Кіраўнік Ryanair Майкл О'Ліры назваў штрафы «незаконнымі і неабгрунтаванымі» і заявіў, што іспанскае міністэрства наклала іх «з палітычных прычын». Ён таксама адзначыў, што раней суды Еўрасаюза прызналі права авіякампаній вызначаць цэны і ўмовы для кліентаў без умяшання ўрадаў.

«Гэтыя незаконныя іспанскія штрафы грунтуюцца на старым законе 1960-х гадоў, які быў прыняты да таго, як Іспанія ўвайшла ў Еўрасаюз. Яны паставяць крыж на здольнасці авіякампаній вызначаць больш нізкія цэны на квіткі за кошт скарачэння выдаткаў», — прыводзіць словы О'Ліры RTE.

Ryanair плануе неадкладна абскардзіць рашэнне іспанскага міністэрства. Плануе падаць апеляцыю і EasyJet. Прадстаўніца авіякампаніі патлумачыла, што EasyJet дазваляе ўзяць на борт у якасці ручной паклажы невялікую торбу без даплат, і гэта дае пасажырам магчымасць «плаціць толькі за тое, што яны хочуць».

Іспанская асацыяцыя авіяперавозчыкаў ALA таксама выказала незадаволенасць рашэннем міністэрства. Яна плануе абскардзіць забарону на даплаты за ручную паклажу ў судзе. Аднак іспанская арганізацыя па абароне правоў спажыўцоў Facua назвала рашэнне міністэрства «гістарычным».

Паводле даных сайта World Population Review, Іспанія займае другі радок рэйтынгу самых наведвальных краін свету (на першым месцы — Францыя). Паводле гэтых звестак, у 2024 годзе Іспанія прыняла амаль 84 млн турыстаў.

Самалёт Ryanair здзейсніў самы кароткі палёт у гісторыі. Усяго сем кіламетраў

Як самастойна спланаваць авіяпадарожжа і не прагадаць? Беларусы падзяліліся лайфхакамі

«Палёты ў Еўропу — гэта была такая асалода». Былая сцюардэса «Белавія» расказала пра ўнутраную кухню авіякампаніі-манапаліста

Nashaniva.com