У Гродне робяць сувенірную карту для турыстаў. Толькі на рускай мове

«Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада» выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на рускай мове. Пакуль ідзе падрыхтоўка да распрацоўкі арыгінал-макета, паведамляе Hrodna.life

23.11.2024 / 15:15

Для падрыхтоўкі карты трэба сфатаграфаваць галоўныя архітэктурныя помнікі горада і падрыхтаваць тэкст «20 месцаў, якія варта наведаць у Гродне». У тым ліку патрэбныя панарамныя фота і фота з дрона. Што гэта за аб’екты, у тэхзаданні не ўдакладнілі.

Па-другое, трэба распрацаваць непасрэдна арыгінал-макет карты. На адным баку карты будуць знакавыя архітэктурныя аб’екты. На адваротным — панарама з вышыні цэнтральнай частцы горада, фота і апісанне славутасцяў.

Карта ў развароце будзе памерам 420×290 мм. Гродзенскі гарадскі цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый вывучае рынак для працэдуры закупкі з адной крыніцы. На макет выдаткуюць 6000 рублёў.

Nashaniva.com