Украіна страціла ўжо больш за 40% тэрыторыі, якую кантралявала ў Курскай вобласці
Пра цяперашні стан з кантролем УСУ расійскіх тэрыторый у Курскай вобласці агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў Генштабе Украіны.
23.11.2024 / 17:47
Расійскія вайскоўцы ваююць у Курскай вобласці. Фота: Russian Defense Ministry Press Service via AP
«Цяпер мы кантралюем каля 800 квадратных кіламетраў. Мы будзем утрымліваць гэтую тэрыторыю да таго часу, пакуль гэта будзе апраўдана з ваеннага пункту гледжання», — паведаміла крыніца.
Максімальная колькасць тэрыторыі Курскай вобласці, кантраляванай украінскімі вайскоўцамі, складала 1376 квадратных кіламетраў.
Суразмоўца агенцтва сказаў, што Расія з моманту наступлення УСУ на Курскую вобласць перакінула ў рэгіён каля 59 тысяч вайскоўцаў. Паводле яго слоў, для падтрымкі расійскай арміі сюды прыбылі і каля 11 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, аднак асноўная частка іх сілаў усё яшчэ завяршае падрыхтоўку.
10 лістапада выданне The New York Times паведаміла, што Расія сабрала ў Курскай вобласці 50 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку з КНДР. Паводле даных выдання, яны збіраліся пачаць наступленне ў найбліжэйшыя дні.
Прыведзеныя крыніцай Reuters ацэнкі тэрыторыі, якія застаюцца пад кантролем УСУ, адпавядаюць ацэнкам OSINT-аналітыкаў плошчы ўсёй зоны баявых дзеянняў у расійскім рэгіёне.
Паводле даных украінскага OSINT-праекта DeepState, украінскія войскі рэальна кантралююць у Курскай вобласці нават меншую тэрыторыю, чым ацэньвае крыніца Reuters — 571 кв км. Але пры гэтым агульная зона баявых дзеянняў у рэгіёне (разам з «шэрай зонай», якую не кантралюе ніводзін з бакоў) адпавядае ацэнцы суразмоўцы агенцтва (800 кв км).
Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»
Стала вядомая колькасць загінулых пасля першага ўдару ракетамі Storm Shadow па тэрыторыі Расіі