На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю
Віцэ-прэзідэнтка Філіпін Сара Дутэртэ, дачка сумна вядомага былога прэзідэнта краіны і забойцы тысяч чалавек Радрыга Дутэртэ, публічна заявіла, што наняла кілера, каб той забіў цяперашняга прэзідэнта Фердынанда Маркаса-малодшага і ўсіх ягоных сваякоў у выпадку яе смерці.
23.11.2024 / 20:50
Віцэ-прэзідэнтка Філіпін Сара Дутэртэ трымае за руку прэзідэнта краіны Фердынанда Маркаса-малодшага, 2022 год. Фота: Ezra Acayan / Getty Images
Словы Дутэртэ прыводзіць выданне South China Morning Post.
«Я сказала кілеру: «Калі мяне заб’юць, забі прэзідэнта Фердынанда Маркаса-малодшага, яго жонку Марыю Луізу і спікера палаты прадстаўнікоў Марціна Рамуальдэса. Увогуле не спыняйся, пакуль не знішчыш іх усіх». Гэта не жарт. Я ўжо дамовілася», — публічна заявіла Дутэртэ.
На думку віцэ-прэзідэнткі, супраць яе рыхтуецца змова з мэтай забойства. Яе словы пра нанятага кілера з’явіліся пасля арышту кіраўніцы ейнага апарата Зулейкі Лопес, якую абвінавачваюць у перашкодзе расследаванню пра неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Паводле Дутэртэ, спроба перавесці Лопес з СІЗА ў папраўчую калонію з’яўляецца «замахам на забойства з боку ўладаў».
Выканаўчы сакратар Філіпін Лукас Берсамін адзначыў, што ўжо перадаў інфармацыю пра пагрозу на адрас Маркаса-малодшага элітнаму падраздзяленню прэзідэнцкай аховы «для неадкладнага прыняцця адпаведных мер».
«Любая пагроза жыццю прэзідэнта заўсёды павінна ўспрымацца сур’ёзна, асабліва калі гэтая пагроза была публічна агучана дзейным віцэ-прэзідэнтам», — гаворыцца ў заяве сакратарыята.
Хоць на выбарах 2022 года Маркас-малодшы і Дутэртэ выступалі адной камандай, адносіны паміж імі хутка пагоршыліся, адзначае South China Morning Post. Прэзідэнт за два гады звольніў шэраг саюзнікаў Дутэртэ, асабліва кіраўнікоў сілавых ведамстваў, а таксама актыўна выступае за ўмацаванне сувязяў з Кітаем, што не падабаецца віцэ-прэзідэнтцы і яе прыхільнікам.
Сара Дутэртэ — дачка былога прэзідэнта Філіпін Радрыга Дутэртэ, які кіраваў краінай з 2016 па 2022 гады і з'яўляўся ініцыятарам шырокамаштабнай кампаніі супраць наркагандлю і ўжывання наркотыкаў, якая прывяла да масавага знішчэння людзей (часта без суду і следства), якія падазраваліся ў нарказлачынствах ці ў сувязях з наркамафіяй.
Былы прэзідэнт Філіпін прызнаваў, што ў некаторых выпадках сам асабіста забіваў наркагандляроў і нават пагражаў свайму сыну смерцю, калі той будзе датычны да наркотыкаў.
Паводле афіцыйных даных урада Філіпін, падчас антынаркатычнай кампаніі Дутэртэ былі забітыя як мінімум 5 тысяч чалавек па ўсёй краіне.
Акрамя таго, Радрыга Дутэртэ падчас прэзідэнцтва загадаў вайскоўцам прыстрэліць яго, калі ён прабудзе на сваёй пасадзе даўжэй за належны тэрмін (6 гадоў). «Гэта ваша праца — абараняць Канстытуцыю і грамадзян. Памятаеце, гэта ваш святы абавязак», — заявіў той прадстаўнікам філіпінскай арміі.
А ў маі 2022 года, нягледзячы на сваю рэпутацыю масавага забойцы, Дутэртэ публічна асудзіў Пуціна за забойствы людзей ва Украіне.
Былы прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ, бацька цяперашняй віцэ-прэзідэнткі краіны Сары Дутэртэ. Фота: Wikimedia Commons
Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ