Японцам параілі ўключаць у тастаменты свае лагіны і паролі
Японскае агенцтва па справах спажыўцоў рэкамендавала грамадзянам задумацца пра след у лічбавай прасторы, які застанецца пасля іх смерці, і дало шэраг рэкамендацый на гэты выпадак, піша Devby.io.
23.11.2024 / 22:42
Фота ілюстрацыйнае
На выданне гэтай рэкамендацыі ведамства натхнілі выпадкі, калі сваякі памерлых не маглі адмяніць іхнія падпіскі на сэрвісы, таму што не валодалі адпаведнымі ўліковымі звесткамі. Разбірацца з такой «лічбавай спадчынай» — справа не з прыемных, таму ў агенцтве прапанавалі чатыры крокі, якія спросцяць працэдуру.
Па-першае, японцам параілі пераканацца, што іхнія члены сям'і змогуць у экстраннай сітуацыі разблакаваць іх смартфоны і ноўтбукі.
Па-другое, варта скласці спіс актыўных падпісак, пазначыўшы імёны карыстальніка і паролі. Усе гэтыя дэталі трэба захоўваць у файле, які павінен стаць даступны блізкім яго ўладальніка пасля смерці.
Урэшце, японцам рэкамендуецца выкарыстоўваць які-небудзь сэрвіс, які дазваляе прызначыць чалавека, якому будзе дазволены доступ да іх прыладаў і акаўнтаў пасля смерці.
У агенцтве лічаць такія інструкцыі актуальнымі, таму што людзям бывае складана разбірацца з лічбавым жыццём памерлых сваякоў — у прыватнасці, выявіць іх падпіскі і спыніць спісанне з рахункаў грошай за сэрвісы, якімі тыя больш ніколі не скарыстаюцца.
Магчымасць прызначыць «захавальніка» для кіравання акаўнтам у выпадку смерці ўжо прадугледзеў для сваіх карыстальнікаў Facebook.
Не пападзіцеся на хітрык. А1 стаў браць грошы за некалі бясплатную паслугу
Для чыноўнікаў распрацавалі месенджар Depesha. У чым яго галоўная праблема?
Многія адрамантаваныя iPhone з панядзелка ператворацца ў «цагліны»