«Вось за гэта вас, хачэй, і ненавідзяць!» Комік Мірзалізадэ расказаў, ці можна лічыць беларусаў талерантнымі

У новым выпуску ТОКу комік Ідрак Мірзалізадэ выказаў свой погляд на стаўленне беларусаў да не такіх, як яны.

24.11.2024 / 13:05

Ідрак Мірзалізадэ. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

Сям'я Ідрака Мірзалізадэ пераехала з Азербайджана ў Беларусь, калі яму было 2 гады. Паводле нацыянальнасці ён талыш. У Мінску Ідрак скончыў не толькі сярэднюю школу, але і факультэт журналістыкі БДУ. Зыходзячы з уласнага жыццёвага вопыту, комік расказвае пра спецыфічнае стаўленне беларусаў да людзей, якія ад іх адрозніваюцца.

«Такое ёсць у Беларусі. Сто адсоткаў ёсць», —

сцвярджае Ідрак і ў якасці прыкладу прыводзіць выпадак з свайго дзяцінства:

«Мне тата падарыў мяч. Я прыйшоў у школу. Старэйшы за мяне [хлопец] спытаў: «Можна я пагуляю ў мяч?» І я сказаў «Не». Ён сказаў: «Вось за гэта вас, хачэй, і ненавідзяць!»

@tokbelarus Комік Ідрак Мірзалізадэ кажа, што хоча судзіць Расію па сваіх сябрах #Беларусь #идрак #мирзализаде #нашаніва #беларусь #беларускаямова #белорусы #стендап #стендапер ♬ transgender - &lt3

«Гэта смешная сітуацыя, дурацкая. Але такое ёсць. На іншасці заўсёды ва ўсіх краінах глядзяць з жахам, [бо] не ведаюць, што гэта, дзе гэта. Толькі з-за таго, што для кагосьці гэта штосьці новае», — выказвае сваё меркаванне Мірзалізадэ.

Комік таксама згадвае пра існаванне ў Беларусі групоўкі фанатаў мінскага футбольнага клубу «Дынама».

«Дынамікі» былі — фанаты «Дынама» (Мінск), якія «нібы» нацыкі. «Нібы». Нібы такія супраць чагосьці», — з усмешкай расказвае Ідрак, акцэнтуючы ўвагу на слове «нібы», пальцамі беручы яго ў дужкі.

Згадваючы пачатак 2000-х, Ідрак заўважае, што ў той час у Беларусі адносіны да людзей з Каўказу не мелі той вастрыні, як, напрыклад, у Расіі.

«Але гэта ёсць. Таму не трэба лічыць, што беларусы — гэта добрыя-добрыя людзі. Зразумела, што жах да іншасці ёсць і там. Гэта зразумела», —

падкрэслівае Мірзалізадэ і для пацвярджэння свайго погляду звяртае ўвагу на міжнацыянальныя адносіны сярод мігрантаў за мяжою:

«Можаш заўважыць, што мігранты-мусульмане вельмі раздражняюць нашых славянскіх мігрантаў у Еўропе. І ты думаеш: «Блін, ты такі ж самы мігрант, як і гэты мігрант-мусульманін. Давай-ка супакойся». Таму не пытай, калі ласка, ці ёсць у беларусаў вось гэта штосьці там…. Ёсць».

Глядзіце цалкам:

Стэндапер Мірзалізадэ: Гэта дзіўны рух — пошук суперажывання да расіянаў

Ідраку Мірзалізадэ забаранілі ўезд у Расію да 2035 года

Комік з Беларусі прадаў дазвол на жыхарства ў Расіі за 15000 долараў

Nashaniva.com