Расія вярбуе на вайну супраць Украіны еменскіх хусітаў
Расія падманам вярбуе еменскіх хусітаў на вайну супраць Украіны. Аднаго з наймітаў прывабілі ў РФ абяцаннямі аб прыбытковай працы ў сферы бяспекі і інжынерыі, паведамляе Financial Times.
24.11.2024 / 13:03
Фота: Mohammed Hamoud / Getty Images
Еменскія навабранцы, якія ездзілі ў Расію, расказалі, што ім абяцалі высокааплатную працу і нават расійскае грамадзянства. Калі яны прыехалі ў РФ, іх прымусова прызвалі ў расійскую армію і адправілі на лінію фронту ва Украіне.
Амерыканскія дыпламаты кажуць, што пагадненне паміж Крамлём і хусітамі — прыкмета таго, як далёка гатова зайсці Расія. Емен — бедная краіна і добра падыходзіць для вярбоўкі наймітаў.
У кантрактах еменцаў указана кампанія, заснаваная вядомым палітыкам-хусітам Абдулвалі Абдо Хасанам аль-Джабры. Рэгістрацыйныя дакументы прадстаўляюць кампанію як тураператара і пастаўшчыка медыцынскага абсталявання і фармацэўтычных прэпаратаў.
Вярбоўка наймітаў пачалася ў ліпені. Адзін з кантрактаў быў датаваны 3 ліпеня і падпісаны начальнікам цэнтра адбору кантрактнікаў у Ніжнім Ноўгарадзе.
FT перапісвалася з адным з наймітаў у Расіі. Ён выказаў меркаванне, што ўваходзіў у групу з 200 еменцаў, якія прызываліся ў расійскую армію ў верасні.
Мужчына распавёў, што яго прывабілі ў Расію абяцаннямі аб прыбытковай працы ў сферы бяспекі і інжынерыі, а ўжо праз некалькі тыдняў ён хаваўся ў лесе на фронце разам з чатырма іншымі еменцамі. Па словах найміта, адзін з мужчын спрабаваў скончыць жыццё самагубствам і быў дастаўлены ў бальніцу.
Раней СМІ пісалі, што каля 200 афрыканскіх жанчын зараз працуюць на заводзе ў Татарстане на вытворчасці дронаў. Афрыканкі сцвярджаюць, што падманам іх прымусілі збіраць беспілотнікі.
Нагадаем, паводле паведамленняў паўднёвакарэйскіх і ўкраінскіх вайскоўцаў, Паўночная Карэя накіравала на вайну супраць Украіны больш за 10 тысяч сваіх вайскоўцаў. Яны праходзілі падрыхтоўку на расійскіх палігонах, а потым іх перакінулі ў Курскую вобласць.