Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Выбары ў Румыніі прынеслі сюрпрызы. Галоўным стаў поспех прарасійскага кандыдата Кэліна Джарджэску. Аказваецца, Масква здольная пазмагацца за ўплыў нават у тых краінах, якія традыцыйна лічыліся антырасійскімі. 

25.11.2024 / 11:31

У другі тур выбараў у Румыніі выходзяць ультраправы папуліст Кэлін Джарджэску і Элена Ласконі ад ліберальнага Саюза выратавання Румыніі

Малавядомы палітык без досведу дзяржаўнага кіравання і партыі за плячыма набраў 23% галасоў у першым туры выбараў у Румыніі. Гэта 62-гадовы Кэлін Джарджэску, які асноўную агітацыю праводзіў у тыктоку. У паслужным спісе ў яго — праца дробным клеркам у структуры ААН. Аднак за спінаю ў яго, магчыма, Масква, бо яго рыторыка істотна адрознівалася ад пазіцыі іншых кандыдатаў: ён крытыкуе НАТА, ЕС, дапамогу Украіне, выступае супраць амерыканскай вайсковай базы ў Дэвэсэле. 

Пазіцыі Джарджэску блізкія да тых, якія займае Аўстрыйская партыя свабоды і венгерскі прэм'ер Віктар Орбан. Ён таксама хваліў маршала Антанэску — румынскага саюзніка Гітлера.

Джарджэску набраў не так і шмат галасоў, але выйшаў на першае месца таму, што шматлікія праеўрапейскія кандыдаты ад мэйнстрымавых партый супернічалі між сабой. 

Ліберал Элена Ласконі і сацыял-дэмакрат Марчэл Чалаку набіраюць па 19% галасоў. 14% — у нацыяналіста Джорджэ Сіміона. 9% сабраў правацэнтрыст Нікалае Цюкэ. 5% галасоў у былога намесніка генеральнага сакратара НАТА Мірчы Джаанэ і 4% — у кандыдата венгерскай меншасці.

Сацыёлагі лічылі гарантаваным выхад у другі тур прэм'ер-міністра Марчэла Чалаку, аднак ён сабраў мала галасоў у сталіцы, Бухарэсце, і сярод выбарцаў дыяспары: сацыял-дэмакратаў вінавацяць у карупцыі.

У выніку гэтага з мінімальнай перавагай, усяго каля 2000 галасоў, або 0,02%, на другое месца выходзіць кандыдатка ад правацэнтрысцкай, праеўрапейскай ліберальнай партыі Саюз выратавання Румыніі Элена Ласконі. Як і Джарджэску, яна таксама чалавек у вялікай палітыцы новы.

52-гадовая Ласконі — журналістка, у 2020 годзе стала мэрам райцэнтра Кымпулунг у цэнтры краіны.

Цікава, што прозвішча яе мужа — Джарджэску, як і яе будучага суперніка ў другім туры.

У Румыніі роля прэзідэнта абмежаваная. Асноўная выканаўчая ўлада належыць ураду, які фарміруе большасць у парламенце. Прэзідэнт, аднак, вызначае замежнапалітычны курс. Папярэдні прэзідэнт Клаўс Яханіс не меў права балатавацца на трэці тэрмін.

ЗША рабілі стаўку на Румынію, паралельна з Польшчай, як на пункты апоры НАТА каля Чорнага і Балтыйскіх мораў адпаведна. Румыны, як і палякі, маюць гістарычныя рахункі з Масквою пасля 1939—1940 гадоў. Тады Сталін дзяліў Еўропу з Гітлерам, ад Румыніі ён адрэзаў Бесарабію і Букавіну.

Поспех Джарджэску паказвае, што Масква здольная пазмагацца за ўплыў нават у тых краінах, якія традыцыйна лічыліся антырасійскімі.

Можна меркаваць, што ў другім туры пераможа праціўнік Джарджэску, але будучыя парламенцкія выбары прывядуць да перафарматавання ўрадавай кааліцыі. 

Сяргей Гезгала