Памёр Рыгор Бурван

У ноч з 23 на 24 лістапада ў Пінску памёр вядомы ў горадзе педагог і грамадска-палітычны актывіст Рыгор Сямёнавіч Бурван, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Яму было 84 гады.

25.11.2024 / 20:26

Рыгор Бурван шмат гадоў працаваў педагогам, быў дырэктарам школы. 

Акрамя таго, ён актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці. Бурван быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з першага году яе існавання. Таксама ён быў адным з арганізатараў незалежнага прафсаюзнага руху ў Пінску.

16 жніўня 2020 года ён выступіў на плошчы Леніна ў Пінску перад некалькімі сотнямі гараджан, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку праваахоўных органаў. За гэта яго праз месяц судзілі, але пакаяцца ў сказаным на плошчы тады 80-гадовы пенсіянер адмовіўся.

«Я даведаўся, што будзе мітынг у горадзе. Думаю, пайду і я, пагляджу на людзей, сябе пакажу. Пайшоў, паглядзеў, паслухаў што людзі кажуць. Нармальныя людзі, вочы нармальныя, ні аднаго наркамана я там не ўбачыў, ніхто там нікому нічога не дае. Людзі выступаюць, плачуць. Сярод прысутных на мітынгу шмат маіх вучняў. Падыходзяць, вітаюцца, рукі паціскаюць. Я паслухаў, што яны гавораць і вырашыў выказацца наконт таго, што адбываецца са мной і з тымі, хто быў на плошчы. Папрасіў мікрафон і выступіў. Сышоў з трыбуны. Мае вучні падыходзяць да мяне, руку ціснуць, абдымаюць. Апладысменты былі. А я думаю, а што я такога істотнага сказаў? Быццам бы нічога істотнага, проста выказаў сваё меркаванне. Але пасля таго, як людзі сталі падыходзіць, абдымаць, значыць, нешта я істотнае сказаў, чымсьці я крануў душу людзей…», — гаварыў ён у судзе.

Суд тады прызнаў Рыгора Бурвана вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 КаАП «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а паколькі часы былі адносна траваедныя, то толькі вынес яму папярэджанне.

У Пінску асудзілі 80-гадовага былога дырэктара школы. Яго віна — выступ на мітынгу

Памёр харэограф Мікалай Окаракаў

Памёр віцебскі мастак Аляксандр Слепаў

Nashaniva.com