Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года
Руслана, якая жыве ў Іспаніі, пасля паспяховага ўдзелу ў мясцовай версіі праекта «Фабрыка зорак» атрымала прэстыжную музычную прэмію, выпусціла студыйны альбом і пачала канцэртны тур у яго падтрымку, паведамляе «Беларусь і свет».
26.11.2024 / 07:52
Руслана Панчышына з узнагародай LOS40 Music Awards. Фота: кадр з трансляцыі на YouTube
Нашай суайчынніцы 8 лістапада ўручылі ўзнагароду прэміі LOS 40 Music Awards, якую ўжо 19-ы раз правяла найбольшая ў краіне музычная радыёстанцыя LOS40. Руслана выйграла ў намінацыі «Найлепшы новы артыст ці гурт у Іспаніі».
Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Барселоне, на крытай шматфункцыянальнай арэне Palau Sant Jordi. Яе транслявалі, акрамя самога радыё LOS 40, прыватны тэлеканал Divinity, лічбавая платформа Originales por M+ і відэасэрвіс YouTube.
Форум адначасова быў тэлемарафонам у падтрымку ахвяр нядаўняй паводкі ў Валенсіі. Змаглі сабраць амаль паўмільёна еўра. На ім прысутнічалі многія зоркі іспанскага і лацінаамерыканскага шоу-бізнэсу, у тым ліку Энрыке Іглесіяс.
Таксама ў Русланы 15 лістапада выйшаў першы альбом, які носіць назву Genesis, што ў перакладзе азначае «Зараджэнне». Ён выпушчаны Universal Music Spain — падраздзяленнем найбуйнейшага ў свеце музычнага лэйбла Universal Music Group.
У зборнік увайшлі 10 песень у стылі поп-рок. Сярод іх — Quien Soy («Хто я»), Amigos («Сябры»), Tengo Un Don («У мяне ёсць дар»), La Cura («Асэнсаванне»). Прадуцыравалі альбом такія артысты, як Пабла Рус, D3llano, Mango, Сант'яга Дэлучы, LaloGV.
У дзень выхаду альбома пачаўся і канцэртны тур маладой спявачкі па Іспаніі ў яго падтрымку. Ён уключае 11 выступленняў у залах — два ў Мадрыдзе, па адным у Гранадзе, Севільі, Барселоне, Сарагосе, Аўеда, Віга, Тэнерыфе, Більбаа і Валенсіі.
Цікава, што білеты на ўсе згаданыя канцэрты, як сказана на сайце Русланы, былі раскуплены ў рэкордныя тэрміны — за пару гадзін пасля паступлення ў продаж. І цяпер ужо пачата рэалізацыя білетаў на канцэрты 2025 года.