Прэзідэнцкія выбары ў Грузіі прызначылі на 14 снежня, яны пройдуць па новай сістэме
Кіроўная партыя «Грузінская мара» прызначыла выбары прэзідэнта краіны на 14 снежня, паведамляе грузінская служба Радыё Свабода.
26.11.2024 / 13:51
Прызначэнне даты падтрымалі 80 дэпутатаў, супраць не выказаўся ніхто. Чатыры апазіцыйныя партыі адмовіліся заходзіць у парламент і байкатуюць яго пасяджэнні.
Выбары ўпершыню адбудуцца па новай сістэме — не агульнанацыянальным галасаваннем, а праз калегію выбаршчыкаў.
У яе ўвойдуць 300 членаў: усе 150 дэпутатаў парламента, дэпутаты Вярхоўных саветаў Аджарыі і Абхазіі — 21 і 20 адпаведна, і 109 дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў.
Для перамогі ў першым туры кандыдат павінен набраць не менш за дзвесце галасоў. Калі спатрэбіцца другі тур, ён адбудзецца ў той самы дзень. Выбары пройдуць у будынку парламента. Зала пасяджэнняў будзе абсталявана як выбарчы ўчастак, выбаршчыкі будуць галасаваць бюлетэнямі. Усе этапы, у тым ліку падлік галасоў, будуць паказаны ў прамым эфіры.
Інаўгурацыя новага прэзідэнта адбудзецца 29 снежня — на пяць гадоў. Саломе Зурабішвілі заняла гэту пасаду ў 2018 годзе пры падтрымцы «Грузінскай мары», але пазней разышлася з ёй у ацэнцы падзей.