Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

«Грузінская мара» назвала кандыдата ў прэзідэнты: гэта былы футбаліст, 53-гадовы Міхаіл Кавелашвілі. Імя на брыфінгу назваў асабіста заснавальнік ГМ і ганаровы старшыня Бідзіна Іванішвілі.

27.11.2024 / 10:24

Міхаіл Кавелашвілі. Фота: парламент Грузіі

Кавелашвілі, які ў 1980-я гуляў за тбіліскае «Дынама», уваходзіць у лік паплечнікаў «Мары», якія фармальна вылучыліся ў партыю «Сіла народа» і былі вядомыя рэзкімі антызаходнімі заявамі, паведамляе Newsgeorgia.ge.

Прэзідэнцкія выбары ў Грузіі пройдуць 14 снежня і будуць праводзіцца паводле новай сістэмы праз калегію выбаршчыкаў. У яе ўвойдуць 300 членаў: усе 150 дэпутатаў парламента, дэпутаты Вярхоўных саветаў Аджарыі і Абхазіі — 21 і 20 адпаведна, і 109 дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў.

Для перамогі ў першым туры кандыдат павінен набраць не менш за дзвесце галасоў. Калі спатрэбіцца другі тур, ён адбудзецца ў той самы дзень. Выбары пройдуць у будынку парламента.

Саломе Зурабішвілі заняла гэту пасаду ў 2018 годзе пры падтрымцы «Грузінскай мары», але пазней разышлася з лініяй партыі.

Nashaniva.com