У Расіі сабака ўжо чацвёрты дзень чакае на рацэ гаспадара, які праваліўся пад лёд

Сабаку спрабавалі забраць, але ён усё роўна вяртаецца на месца здарэння.

27.11.2024 / 12:55

Фота: Дзяржкамітэт па НС Башкартастана

Веласіпедыст праваліўся пад лёд пад Уфой 24 лістапада. Ён вырашыў зрэзаць шлях дадому, але лёд аказаўся занадта тонкім — усяго 2 сантыметры.

Вадалазы змаглі знайсці і дастаць веласіпед, сёння на глыбіні 9 метраў знайшлі цела патанулага мужчыны. Увесь гэты час на месцы здарэння гаспадара чакае яго сабака па мянушцы Белка, паведаміў камітэт па надзвычайных сітуацыях Башкартастана.

Фота: Дзяржкамітэт па НС Башкартастана

Сваякі загінулага спрабавалі забраць сабаку да сябе дадому, але Белка ўсё роўна вярнуўся на раку і «дзяжурыць» з ратавальнікамі.

Пасля таго, як цела мужчыны знайшлі, сабаку ізноў павезлі з сабой сваякі. Але яны гатовы да таго, што сабака зноў можа збегчы на ​​раку.

Nashaniva.com