Мы здабылі лічбы імпарту расійскай нафты. З іх ясна, як Лукашэнка кампенсуе страты ад санкцый
Украіна купляла вялікія аб'ёмы беларускіх нафтапрадуктаў: дызелі, бензіны, бітумы. Вайна закрыла магчымасці экспарту туды. І ў Еўропу таксама. Але праблемы Расіі нечаканым чынам дапамаглі Лукашэнку перажыць страту рынку.
15.12.2024 / 11:01
Мазырскі НПЗ
Раней «Наша Ніва» ўжо публікавала засакрэчаныя даныя па экспарце калію. З разлікаў вынікала, што там сітуацыя складаная — з улікам уздыбленых цэнаў на лагістыку і пры нахабным дэмпінгу канкурэнтаў рэжым Лукашэнкі недалічваецца да двух мільярдаў долараў экспартных прыбыткаў на год. У гэтай частцы санкцыі адчувальныя.
Чытайце таксама: Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць
Іншая сітуацыя з нафтай, па якой «Наша Ніва» таксама атрымала закрытыя лічбы Белстата. У табліцы адлюстраваныя аб'ёмы імпарту нафты з Расіі за тры папярэднія гады. Газавы кандэнсат ідзе той жа графой у статыстыцы, але трэба разумець, што гаворка амаль выключна пра нафту Urals.
Імпарт сырой нафты і газавага кандэнсату (белай нафты) | 2021 | 2022 | 2023 |
Колькасць (мільёнаў тон) | 16,78 | 10,23 | 14,49 |
Кошт (мільярдаў даляраў) | 7,33 | 5,13 | 6,27 |
Сярэдняя цана | $436,9 | $500,8 | $432,2 (≈$59 за барэль) |
Бачна прасяданне 2022 года, калі адваліўся ўкраінскі рынак. А таксама нарошчванне аб'ёмаў у 2023 — але імпарт, а значыць, і загрузка мазырскага і наваполацкага заводаў яшчэ не вярнуліся на даваенны ўзровень.
Як з гэтых лічбаў можна зрабіць выснову, што першыя пасляваенныя і санкцыйныя гады беларуская няфцянка перажыла нармальна? Важная цана імпарту.
Раней міжнародны стандарт нафты Brent быў на некалькі даляраў даражэйшы за расійскі стандарт Urals (у расійскай нафты павышаная сернасць). Аднак пасля пачатку вайны дысконт расійскага Urals вырас у некалькі разоў — санкцыі. Краіны G7 вызначылі столь для расійскай нафты памерам $60 за бараль.
З 2022 года гэта стала гуляць на руку Лукашэнку. У 2023 ён ужо купляў бараль Urals прыкладна па $59. Колькі ў той жа час каштаваў Brent? Сярэднягадавая цана — $83.
Калі б закуп нафты праводзіўся па блізкіх да сусветных цэнах, скажам, па $80 (цэны на нафту для Беларусі апошнія даваенныя годы імкнуліся да сусветных праз падатковы манеўр у Расіі), то замест $6,2 мільярда за атрыманы ў 2023 годзе аб'ём прыйшлося б заплаціць каля $8,5 мільярда.
Лічба прыкладная, паколькі нам невядомыя даты заключэння кантрактаў і курсы ў тыя дні. Мы можам толькі выказаць аргументаваную здагадку, што нечаканы выйгрыш для Лукашэнкі на дысконце Urals да Brent склаў больш за 2 мільярды долараў.
Прыкладны аб'ём уласнай здабычы нафты ў Беларусі — каля 1,7 мільёна тон. Аб'ём спажывання — каля 7—8 мільёнаў тон. Ведаючы гэта, можна прыкінуць, які аб'ём нафты пайшоў на экспарт ў выглядзе нафтапрадуктаў — да 9 мільёнаў тон.
У Наваполацку і Мазыры Urals перапрацоўваюць у прадукты першаснай перагонкі — бензіны, дызелі, керасін, мазуты і гэтак далей. Пасля перапрацоўкі яны нічым не адрозніваюцца ад прадуктаў перагонкі нафты Brent еўрапейскіх заводаў.
Цэны на паліва апошнія гады раслі праз войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе, а попыт адначасова рос на фоне размарозкі вялікіх эканомік пасля кавіду.
Адпаведна, калі ў моманце імпарту сыравіны існуе 30% дысконту, то ў моманце экспарту з Беларусі перапрацаванай прадукцыі такога ж дысконту не ўзнікае. Рэжым Лукашэнкі атрымлівае звышпрыбытак.
Яго змяншае доля лагістыкі і выдаткі на перапакоўку краіны паходжання, але пры такім імпартным дысконце гэта не вельмі істотна. Рэжым пакуль што добра зарабляе на нафце, нават страціўшы прамую дарогу ва Украіну. Хаця не факт, што Украіна цяпер не працягвае купляць беларускі дызель пад выглядам турэцкага ці эмірацкага.
Складана ацаніць дакладныя лічбы прыбытку рэжыму за гэтыя гады, не маючы доступу да структураванай статыстыкі: з Беларусі экспартуюцца розныя віды бензінаў, нефрасы, керасін, рэактыўнае паліва, розныя віды мазутаў і бітумаў, змазачных аліваў, нафтавага гача, араматычных вуглевадародаў. У кожнага з гэтых прадуктаў розная рэнтабельнасць і аб'ём экспарту. Усе даныя пасля ўвядзення санкцый супраць Белнафтахіма, Беларуснафты і перапрацоўчых заводаў засакрэчаныя.
У лепшыя гады пры падобным узроўні (але па іншых прычынах) дысконту на імпарт і яго аб'ёму выручка Беларусі ад продажу нафтапрадуктаў круцілася вакол $6 мільярдаў. Імаверна, падобны парадак лічбаў застаецца і сёння, але са змешчанай структурай сабекошту і транспарту, і, адпаведна, — рэнтабельнасці.
Нехта з чытачоў спытае: а ў чым тут бізнэс, каб купіць за $6 мільярдаў — і прадаць за $6 мільярдаў?
Бізнэс у тым, што прыбыткамі ад экспарту 9 мільёнаў тон нафтапрадуктаў пакрываецца закуп 14+ мільёнаў тон нафты з Расіі. Розніцу ўрад рэалізуе на ўнутраным рынку, атрымліваючы ад гэтага прыбыткі. Прычым маюць магчымасць трымаць нізкія (адносна суседзяў) цэны на паліва робяць больш трывалай і канкурэнтнай саму эканоміку. Фактычна, пастаўкамі нафты па такой цане забяспечваецца расійскі грант рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Хаця Лукашэнка і зарабляе на нечаканай кан'юнктуры, у выпадку падзення сусветных цэнаў на нафту і выраўнівання цаны Urals у параўнанні з Brent беларускай эканоміцы стане цяжэй.
На сёння нафта маркі Brent каштуе $72 за бараль. Свет чакае нарошчвання здабычы сланцавай нафты ў ЗША, якое абяцаў Дональд Трамп, але далейшая дынаміка цэнаў залежыць, хутчэй, ад тактыкі Саудаўскай Аравіі.
Што цяпер робіцца ўнутры Белнафтахіма, мы не ведаем. Але можам меркаваць пра гэта па публічных заявах Лукашэнкі, які ў лістападзе прызначаў новае кіраўніцтва ў кампанію. «Рэнтабельнасць невысокая. На рэнтабельнасць трэба выходзіць», — прыадкрыў карты Лукашэнка, выказваючы незадавальненне новаму кіраўніку Белнафтахіма Іллю Ікану.