Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь
Эксперты доўгі час не могуць даць яснага тлумачэння, чаму расійскія «шахеды» раптам сталі рэгулярна прылятаць у Беларусь. Французскія журналісты Le Monde называюць прычыну, звярнуў увагу Reform.news.
28.11.2024 / 11:58
Украінскія вайскоўцы навучыліся падмяняць каардынаты расійскіх «шахедаў» і перанакіроўваць іх у Расію ці Беларусь. Гэтым і тлумачацца прылёты дронаў у Беларусь, піша Le Monde.
Так, 26 лістапада Расія правяла адзін з самых масіраваных нападаў па Украіне з выкарыстаннем 188 «шахедаў». УСУ заяўлялі, што 76 дронаў былі знішчаныя кінетычнымі сродкамі (знішчальнікі, верталёты, ЗРК),
а яшчэ 95 былі адцягнутыя ад сваіх цэляў з дапамогай падробкі спадарожнікавых каардынат, якія выкарыстоўваюцца дронамі.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляла пра прылёт у Беларусь 17 «шахедаў» у ноч на 26 лістапада.
Генштаб УСУ раней заяўляў, што для барацьбы з расійскімі беспілотнікамі выкарыстоўваюцца сродкі радыёэлектроннай барацьбы, у тым ліку выкарыстоўваецца так званы спуфінг — замена каардынат спадарожнікавай навігацыі GPS. Пабочным эфектам спуфінгу з'яўляецца парушэнне ў сістэме дакладнага часу, якую выкарыстоўваюць мабільныя тэлефоны ў рэжыме аўтаматычнага ўдакладнення часу. Украінцаў папярэджвалі, што падчас паветраных нападаў Расіі праца сістэм спадарожнікавай навігацыі можа парушацца.
Аляксандр Лукашэнка тлумачыў залёты ў Беларусь дронаў недасведчанасцю карыстальнікаў. Паводле яго слоў, у Беларусь залятаюць як украінскія, так і расійскія беспілотнікі.