Сейм Латвіі адхіліў ініцыятыву аб забароне беларусам працаваць журналістамі грамадскіх СМІ і педагогамі

27 лістапада парламент не прыняў да разгляду папраўкі да Закона «Аб адукацыі», якія прадугледжвалі ўвядзенне з 1 верасня 2025 года забароны для грамадзян Расіі і Беларусі працаваць настаўнікамі.

28.11.2024 / 12:31

Таксама парламент не будзе разглядаць законапраект, які ўводзіць забарону для грамадскіх СМІ заключаць працоўныя і аўтарскія дамовы з грамадзянамі гэтых краін — гэта значыць, забарону працаваць журналістамі. Аўтар абодвух законапраектаў — апазіцыйнае Нацыянальнае аб’яднанне, піша Delfi.lv.

У абодвух выпадках перадачу законапраектаў на разгляд адказных камісій Сейма падтрымалі дэпутаты ад Нацаб’яднання і асобныя дэпутаты ад апазіцыйнага «Аб’яднанага спісу».

Супраць выступілі парламентарыя ад апазіцыйных партый «Латвія на першым месцы» і «Стабільнасць!». Партнёры кааліцыі — «Новае адзінства», Саюз «зялёных» і сялян і «Прагрэсіўныя» — устрымаліся, фактычна заблакаваўшы далейшы разгляд законапраектаў у парламенце.

«Я таксама чуў контраргумент, што, маўляў, не хапае настаўнікаў, што ж мы тады будзем рабіць? Нельга так проста іх прыбраць, гэтыя грамадзяне Расіі павінны заставацца настаўнікамі. Але ў нас таксама не хапае інструктараў у Нацыянальных узброеных сілах, а ў Латвіі ёсць нямала адстаўных вайскоўцаў СССР, у тым ліку грамадзян Расіі. Напэўна, вы ўсе пагодзіцеся, што гэта абсурд, ці не так? Тады давайце ліквідуем такі ж абсурд у школах, паважаючы нашых латвійскіх дзяцей», — сказаў з трыбуны Сейма дэпутат ад Нацаб’яднання Артур Бутанс, нагадаўшы, што гаворка ідзе прыкладна пра 200 настаўнікаў.

Nashaniva.com