Лукашэнка панаракаў, што Арменіі няма на саміце АДКБ
Арменія ўжо год ігнаруе саміты АДКБ і абяцае выйсці з арганізацыі.
28.11.2024 / 14:33
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ заўважыў і пракаментаваў адсутнасць на мерапрыемстве армянскага боку.
«Сёння мне выпаў гонар выступаць першым, паколькі нашы армянскія калегі не ўдзельнічаюць у пасяджэнні.
Гэта, дарэчы, характарызуе бягучую геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне і ў нейкай ступені нашу арганізацыю», — сказаў Лукашэнка.
Справа ў тым, што звычайна лідары АДКБ на саміце выступаюць у алфавітным парадку, зыходзячы з першых літар у назвах краін. Такім чынам, калі б на саміце быў прадстаўнік Арменіі, ён выступаў бы першым.
Але Арменія ўжо год ігнаруе саміты АДКБ і абяцае выйсці з арганізацыі. Краіна замарозіла ўдзел у рабоце АДКБ.
У верасні Пашынян заявіў, што АДКБ стварае пагрозы для бяспекі Арменіі, для яе далейшага існавання, суверэнітэту і дзяржаўнасці.