Лакалізавалі дакладнае месца знаходжання расійскага фільтрацыйнага лагера ў Нароўлі, у якім катавалі ўкраінскіх палонных

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расійскія вайскоўцы стварылі на тэрыторыі Беларусі фільтрацыйны лагер. Умовы ўтрымання і стаўленне да палонных у ім праваабаронцы назвалі аднымі з найбольш жорсткіх. Праз недастатковую колькасць звестак вызначыць дакладнае месца знаходжання лагера здавалася немагчымым, але журналістам БРЦ пры дапамозе спадарожнікавых здымкаў і відэа расійскага тэлеканала ўдалося гэта зрабіць.

28.11.2024 / 20:49

Калаж БРЦ: Дырэктарка прадпрыемства «Палескі альянс» Зінаіда Міруценка, старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Антоненка, Аляксандр Лукашэнка. Крыніцы: mazyr.by, gp.by. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Пры апытаннях украінцаў, якім давялося праз гэты лагер прайсці, звычайна гучала назва беларускага райцэнтра Нароўля, які размяшчаецца недалёка ад мяжы з Украінай.

Так, Уладзіслаў Ягадзінскі з украінскай вёскі Аранае непадалёк ад мяжы з Беларуссю, які на той час быў непаўналетнім, расказаў, як яго са старэйшым братам расійскія вайскоўцы вывезлі ў аўтазаку на тэрыторыю Беларусі:

«Я ўжо зразумеў, калі мяне перавялі на памежную службу. Там былі памежнікі, і я іх запытаў [дзе мы знаходзімся]. І яны сказалі: «Беларусь, Нароўля».

Палонных утрымлівалі на тэрыторыі, якая нагадвае закінуты калгас. Падобна апісаў журналістам БРЦ месца, дзе яго ўтрымлівалі, і ўкраінскі вайсковец Віктар (імя зменена па ягонай просьбе). Ён трапіў у палон да расейцаў прыкладна ў той жа час, што і браты Ягадзінскія. Віктара абмянялі ў 2024 годзе.

«У нас былі завязаныя вочы. У аўтазаках нас везлі. І вось таксама таварыш, [з якім] мы разам былі, кажа, што быццам «Нароўля» чуў», — распавёў ён. 

Са словаў Віктара, там, у Нароўлі, іх размясцілі ў «нейкім буйным калгасе»:

«Тэрыторыя была вялікая. Стаяла вельмі шмат тэхнікі, то бок танкі там стаялі, саўкі ЗУшкі [савецкія зенітныя ўстаноўкі], вось, менавіта побач… То бок праязджалі: рамонтная база ў іх там ці перавалачная база была, таму што тэхнікі было шмат».

Пра лагер у Нароўлі, куды звозілі як вайсковых, так і цывільных украінскіх палонных, таксама раней казалі ўкраінскія праваабаронцы і журналісты. Прытым захопленых украінцаў там не проста трымалі ў няволі, але і падвяргалі жорсткім катаванням.

Маючы дзве падказкі — горад Нароўля і апісанне мясцовасці «буйны калгас», расследавальнікі з БРЦ шукалі канкрэтнае месцазнаходжанне гэтага лагера, праводзячы аналіз спадарожнікавых здымкаў Planet Labs, датаваных пачаткам 2022 года. 

Вялікая колькасць вайсковай тэхнікі была раскіданая па ўсім горадзе. Пры гэтым амаль усе ўчасткі, на якіх стаялі машыны, паводле дадзеных кадастравага рэестру, належалі кампаніям, якія былі заснаваныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Канцэнтрацыя расійскай вайсковай тэхнікі адзначалася на тэрыторыі паркоўкі Нараўлянскага дзяржаўнага каледжа, філіяла аўтобуснага парку № 2, дзяржаўнага прадпрыемства «Нараўлянская перасоўная механізаваная калона № 107» і прадпрыемства «Прыпяцкі альянс», якое ўваходзіць у структуру Белкаапсаюза.

Калаж БРЦ. Спадарожнікавы здымак Google Maps, дзе пазначаныя лакацыі, якія займалі расійскія вайскоўцы ў пачатку 2022 года: 1) тэрыторыя прадпрыемства «Прыпяцкі альянс» (належала арганізацыі да 16.06.2022); 2) тэрыторыя ДП «Жылкамбуд» (да студзеня 2022 — «Нараўлянская перасоўная механізаваная калона № 107»); 3) тэрыторыя «Нараўлянскага дзяржаўнага каледжа»; 4) тэрыторыя філіяла аўтобуснага парку № 2 ДП «Гомельаблаўтатранс»

Фільтрацыйны лагер у Нароўлі маглі арганізаваць у любой з гэтых лакацый, а вызначыць дакладнае месцазнаходжанне дапамагла інфармацыя з расійскага медыя.

Напрыканцы кастрычніка 2024 года журналісты БРЦ сустрэліся з Багданам Лысенкам, вайскоўцам УСУ, які трапіў у палон да расейскіх вайскоўцаў у канцы сакавіка 2022 года. Ён расказаў, што яго разам з групай саслужыўцаў-сувязістаў схапілі пасля штурму вайсковай часткі, а потым вывезлі ў Нароўлю і здымалі там прапагандысцкае відэа.

Выкарыстаўшы гэтую зачэпку, Багдана Лысенку неўзабаве ўдалося знайсці на відэа расійскага тэлеканала НТВ: яго, параненага падчас штурму, расійскія вайскоўцы транспартуюць на насілках, а потым на камеру аказваюць медычную дапамогу. Калі спасылку на відэа даслалі Уладзіславу Ягадзінскаму і былому ваеннапалоннаму Віктару, яны пацвердзілі, што яно было зроблена ў тым самым «калгасе», у якім былі зняволеныя і яны.

Пасля таго, дзякуючы характэрнаму будынку з разбураным дахам, размяшчэнню намётаў і КамАЗаў, журналістам удалося дакладна лакалізаваць гэта месца. Фільтрацыйны лагер знаходзіўся на тэрыторыі, якой валодае ТАА «Прыпяцкі альянс», на вуліцы Камсамольскай.

Калаж БРЦ. Спадарожнікавы здымак 2024 Planet Labs PBC (па стане на красавік 2022 года): 1) будынак з характэрна разбураным дахам і палявы намёт справа ўнізе ад яго; 2) палявы намёт з відэа «РИА Новости»

Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, расійскія вайскоўцы былі тут як мінімум да пачатку траўня 2022 года. Калі УСУ дэакупавалі Кіеўскую вобласць, верагодна, маршруты транспарціроўкі палонных змяніліся.

Калі журналісты БРЦ патэлефанавалі ў «Прыпяцкі альянс», дырэктарка прадпрыемства Зінаіда Міруценка параіла звярнуцца з пытаннямі ў выканкам. Кіраўнік Нараўлянскага выканкама Уладзімір Антоненка — былы сілавік са службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Чалавек, які адказаў на званок на ягоны нумар, сказаў, што журналісты не туды трапілі.

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне

Як агенты беларускага ГРУ ўкараніліся ў апазіцыю: новае расследаванне

З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну

Кампанія, якая прапаноўвала свае паслугі друку «пашпарта Новай Беларусі», звязаная з бізнэсоўцам, набліжаным да Лукашэнкі

Nashaniva.com