Міністр эканомікі Расіі абвінаваціў спекулянтаў у крушэнні курсу расійскага рубля

Абвал курсу рубля да мінімумаў з сакавіка 2022 года стаў вынікам «разавых фактараў, у тым ліку спекулятыўнага характару», заявіў у пятніцу кіраўнік Мінэканамразвіцця Максім Рашэтнікаў.

29.11.2024 / 15:28

З ягоных слоў, рубель вернецца да «фундаментальных значэнняў», калі на рынку знікне «нервовасць», піша Moscow Times.

«Фундаментальна гандлёвы баланс моцны: апошнія два месяцы яго паказчыкі вышэйшыя, чым былі летам. У кастрычніку гандлёвы баланс быў на 8% вышэйшы за ўзровень мінулага года, або $11,8 млрд, за кошт добрых паказчыкаў экспарту, а за 10 месяцаў — на 14% вышэйшы, чым летась», — прывёў статыстыку Рашэтнікаў.

Ён дадаў, што на рубель паўплывалі санкцыі, але ўрад і ЦБ Расіі працуюць «у цеснай каардынацыі», каб нівеляваць іх наступствы. «За апошнія гады падобныя абмежавальныя меры ўводзіліся неаднаразова, і кожны раз наша эканоміка да іх адаптавалася і працягвала развівацца. Так будзе і зараз», — запэўніў Рашэтнікаў.

З пачатку лістапада рубель страціў блізу 10% да юаня і даляра, а таксама 7,5% да еўра, што, паводле звестак Reuters, стала найгоршым месячным вынікам для расійскай валюты за апошнія два гады.

Nashaniva.com