Герой вызвалення Марыупаля ў 2014-м стаў камандуючым Сухапутнымі сіламі УСУ

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 29 лістапада абвясціў, што памяняў камандуючага Сухапутнымі сіламі УСУ: замест генерал-лейтэнанта Аляксандра Паўлюка прызначаны генерал-маёр Міхаіл Драпаты.

29.11.2024 / 18:52

Акрамя таго, Зяленскі прызначыў намеснікам галоўнакамандуючага УСУ палкоўніка Алега Апостала.

У кароткім тлумачэнні прычын гэтых кадравых пераменаў Зяленскі згадвае неабходнасць «укаранення інавацыйных падыходаў у кіраванні людзьмі ва Узброеных сілах Украіны».

«Украінскаму войску патрэбныя ўнутраныя змены для поўнага дасягнення мэтаў нашай дзяржавы», — заявіў прэзідэнт Украіны.

Генерал-маёр Драпаты, як гаворыцца ў паведамленні аб прызначэнні, арганізаваў абарону на Харкаўскім кірунку і сарваў наступальную аперацыю расіян, а палкоўнік Апостал дагэтуль камандаваў 95-й дэсантна-штурмавой брыгадай.

42-гадовы Міхаіл Драпаты, прызначаны камандуючым Сухапутнымі сіламі — выпускнік Нацыянальнага ўніверсітэта абароны Украіны імя Чарняхоўскага. У баявых дзеяннях ён удзельнічае з самага іх пачатку ў 2014 годзе.

У пачатку Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) Драпаты камандаваў батальёнам 72-й асобнай механізаванай брыгады. 9 мая 2014 года батальён пад яго камандаваннем выканаў баявое заданне ў Марыупалі.

У чэрвені 2014-га ён удзельнічаў у рэйдзе ўздоўж мяжы з Расіяй, утрымліваў Савур-магілу і здзейсніў паспяховы прарыў праз «Ізварынскі кацёл». Цікавы факт — Міхаіл Драпаты знаходзіўся ўнутры «лятучай БМП», якая разбурыла барыкаду, збудаваную расіянамі ў Марыупалі.

У 2016 годзе Драпаты стаў начальнікам штаба і першым намеснікам камандзіра 30-й асобнай механізаванай брыгады, у 2016-2019 гадах быў камандзірам 58-й асобнай мотапяхотнай брыгады.

Падчас контрнаступлення УСУ на поўдні Украіны восенню 2022 года камандаваў аператыўнай групоўкай войскаў «Херсон», браў непасрэдны ўдзел у вызваленні Херсона. У лютым 2024-га яго прызначылі намеснікам начальніка Генштаба УСУ, у маі прызначаны камандуючым аператыўна-тактычнай групоўкай «Харкаў».

Каб вярнуць сваіх салдат з палону, Украіна гатова мяняць іх нават на калабарантаў, што супрацоўнічалі з Расіяй, і на косткі савецкага шпіёна

Зяленскі: Расіяне ўдарылі «Калібрамі» з касетнымі боепрыпасамі

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў

Журналісты ацанілі, колькі ўкраінцаў загінула ў вайне з расіянамі

Зяленскі: Цяпер у нас ёсць ATACMS. Мы ўсё гэта будзем выкарыстоўваць

Nashaniva.com