Прэм'ер-міністр Польшчы праінспектаваў новую лінію абароны на мяжы і назваў яе «інвестыцыяй у мір»
«Першыя элементы «Усходні шчыт» паказваюць, што гэта інтэлектуальна скаардынаваная сістэма абароны». Польскі прэм'ер-міністр адзначыў, што ўжо на гэтай стадыі будаўніцтва відаць, што гэта сучасны спосаб аховы польскай мяжы.
01.12.2024 / 11:28
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski
30 лістапада прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск наведаў першы завершаны ўчастак фартыфікацыйнай сістэмы, якая будуецца на мяжы з Расіяй і Беларуссю.
Ён назваў будаўніцтва ваенных умацаванняў «інвестыцыяй у мір».
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ўсе планы ў дачыненні да ўсходняй і паўночнай граніц накіраваны на павышэнне пачуцця бяспекі і на самай справе павялічаць бяспеку і стабільнасць.
Туск звярнуў увагу на тое, што, магчыма, не кожны палічыць гэтыя ўмацаванні ўражлівымі.
«Гэта не хмарачосы, але гэта кіламетры збудаванняў. Часткі гэтых канструкцый не бачныя няўзброеным вокам […]. Гэта да гэтага часу самы маштабны праект такога тыпу ў гісторыі Еўропы пасля 1945 года. Увесь East Shield будзе беспрэцэдэнтным праектам, адзначыў Туск.
«Усё, што мы робім тут, а таксама будзем рабіць на мяжы з Беларуссю і Украінай, накіравана на стрымліванне і адпужванне магчымага агрэсара, таму гэта сапраўды інвестыцыя ў мір. Мы выдаткуем на гэта мільярды злотых, але зараз уся Еўропа назірае з вялікім задавальненнем і падтрымае гэтыя інвестыцыі і нашу дзейнасць, калі спатрэбіцца», — сказаў Туск.
Ён запэўніў, што краіны Балтыйскага рэгіёну будуць супрацоўнічаць з Польшчай, каб гэтая інфраструктура працавала не толькі на польскіх участках, але і па ўсёй працягласці мяжы, «перш за ўсё з Расіяй і Беларуссю».
— Нашая дзейнасць таксама будзе датычыць бяспекі мяжы з Украінай — з іншых прычын, але мы хочам, каб палякі адчувалі сябе ў большай бяспецы па ўсёй працягласці ўсходняй мяжы — сказаў Туск.
Shield East — гэта праграма, падрыхтаваная Міністэрствам нацыянальнай абароны і Генштабам Войска Польскага, якая прадугледжвае будаўніцтва розных тыпаў умацаванняў, рэльефных перашкод і вайсковай інфраструктуры на межах Польшчы з Расіяй і Беларуссю — працягласцю каля 800 км.
Таксама плануецца стварэнне адпаведных сістэм разведкі, матэрыяльна-тэхнічных вузлоў, складоў і разгортванне сістэм барацьбы з беспілотнікамі, піша «Польскае радыё».