Час, калі сонца не глядзіць у наша аконца: як не ўпасці ў дэпрэсію і застацца бадзёрым

Адсутнасць сонечнага святла ўпотай падрывае наша здароўе. Вось што раяць дактары.

01.12.2024 / 13:18

Мінск зімой. Фота з сацыяльных сетак

У той час як жыхары Лісабона смакуюць каву пад зімовым сонцам, жыхары Рэйк’явіка ходзяць па вуліцы амаль у прыцемках.

Так выглядаюць рэаліі кожнага снежня. Жыхары Ісландыі атрымліваюць у сярэднім усяго 12 гадзін сонечнага святла за цэлы месяц. Гэта менш, чым Лісабон атрымлівае за тры дні, там сонца ў снежні свеціць 142 гадзіны.

Нам нашмат бліжэй да Рэйк’явіка, чым да Лісабона. У Мінску ў снежні ў сярэднім бывае толькі каля 27 гадзін сонечнага святла, нават у Берасці — толькі 31 гадзіна.

Вось чаму важна паслухаць, што кажуць дактары пра недахоп сонца 

Узрастае рызыка хранічных захворванняў, смяротнасць вышэйшая

«Многія людзі ў зімовы перыяд працуюць у памяшканнях, часцей карыстаючыся штучным асвятленнем, чым прамым сонечным святлом», — кажа эндакрынолаг доктарка Ліна Забулене ў інтэрв'ю LRT.lt.

Варта памятаць, што не ўсялякае святло аднолькава карыснае. Штучныя крыніцы святла, асабліва тыя, што вылучаюць «блакітнае святло», могуць негатыўна ўплываць на якасць сну, гарманальны баланс і рэпрадуктыўнае здароўе.

Сонечнае святло — гэта як дырыжор сімфоніі прыроды, які рэгулюе рытмы нашых гармонаў, настрою і сну. Калі дырыжора няма, надыходзіць хаос.

Асноўная праблема, звязаная з недахопам сонечнага святла — гэта страта натуральнай крыніцы вітаміну D.

Каля 5% дарослага насельніцтва ЗША пакутуе ад сезоннага афектыўнага разладу, звязанага менавіта з недахопам сонечнага святла.

Сярод сімптомаў — павышаны апетыт, набіранне вагі, празмерная санлівасць, стомленасць, зніжаная прадукцыйнасць, манія адкладання і сацыяльная ізаляцыя.

«У больш высокіх геаграфічных шыротах, дзе ўздзеянне сонечнага святла зніжаецца, не толькі ўзрастае рызыка хранічных захворванняў, але і смяротнасць вышэйшая», — адзначае доктарка Забулене. 

Тры парады ад доктара. Адна з іх нетыповая

Людзі з высокім узроўнем вітаміну D зазвычай маюць лепшы імунітэт, мацнейшыя косткі, ніжэйшы артэрыяльны ціск, лепшыя разумовыя функцыі, здаравейшы сон і лепшы настрой. Усё гэта дзякуючы дастатковай колькасці сератаніну.

Але атрымаць дастаткова вітаміну D узімку бывае складана.

Гэты недахоп можна кампенсаваць натуральнымі спосабамі — выпіваючы пяць шклянак малака або з’ядаючы пяць жаўткоў штодня. Гэта першая парада. Аднак такая колькасць можа прывесці да росту халестэрыну ў крыві.

Другая — прымаць прэпараты вітаміну D. Эгле Гражэне, сямейная доктарка клінікі «Кардэалітэ» ў Коўне, у сувязі з гэтым удакладняе: «Найлепш засвойваецца вадкая форма [вітаміну D] у капсулах. Аднак для тых, хто мае праблемы з засваеннем, рэкамендуецца прымаць вітамін у распыленай або ліпасамальнай форме».

Трэці спосаб крыху нетыповы, але апошнім часам ён набірае папулярнасць: тэрапія чырвоным святлом.

«Лямпы з чырвоным святлом карысныя ў халодны, цёмны сезон», — тлумачыць доктар Гражэне. «Яны стымулююць біялагічныя працэсы, зніжаюць запаленне, паляпшаюць рэгенерацыю клетак, павышаюць выпрацоўку калагену і паляпшаюць настрой».

Дарэчы, даследаванні паказваюць, што натуральнае дзённае святло, нават без прамых сонечных прамянёў, станоўча ўплывае на настрой і здароўе. Таму не грэбуйце шпацырамі на свежым паветры ў пахмурныя дні — яны нашмат лепшыя, чым сядзенне ў чатырох сценах.

Nashaniva.com