Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў

Вартаўніка Міхаіла знайшлі ў крыві.

01.12.2024 / 21:10

Пацярпелы вартаўнік Міхаіл. Скрын відэа АНТ

Падрабязнасці расказалі ў сюжэце АНТ.

Здарэнне адбылося 26 лістапада на фермерскай гаспадарцы ў Хойніцкім раёне. Воўк напаў на вартаўніка Міхаіла Тарасенку, той, пакуль адбіваўся, атрымаў траўмы, але змог схавацца ў падсобцы. Яго жонка выклікала міліцыю.

Калі тыя прыехалі, вартаўнік быў у крыві, у яго была пакусаная рука і нага.

У бальніцы Міхаіл расказаў, што перад нападам ваўка ён выйшаў на двор на брэх сабак. Раптам воўк скочыў на яго і паваліў на зямлю, учапіўся ў нагу. Вартаўнік схапіў сціснутую ніжнюю сківіцу ваўка, утрымліваў яе, а другую руку засунуў яму ў пашчу, каб аслабіць хватку. Потым стаў біць ваўка па жываце — і нарэшце змог вырвацца і схавацца.

Калі прыехалі міліцыянты, воўк хаваўся за сенавалам, а потым стаў рыкаць на іх. Сілавікі звера прыстрэлілі.

Вяскоўцы лічаць, што воўк прыйшоў з лесу на роў і пах быкоў. Раней тут такіх нападаў не здаралася.

Воўк, які напаў на вартаўніка, быў хворы на шаленства.

Па назіраннях, ваўкі на гэтую тэрыторыю прыходзяць з Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Гэта закрытая Чарнобыльская зона — там адстрэльваць ваўкоў забаронена, таму іх папуляцыя там расце. 

Nashaniva.com