Да калоніі і буйных штрафаў асудзілі прадстаўнікоў мінскага стартап-хаба «Імагуру»

2 снежня ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд прадстаўнікам мінскага стартап-хаба «Імагуру». Суд над імі распачаўся другога верасня і цягнуўся амаль тры месяцы. Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзілі завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года, піша «Вясна».

03.12.2024 / 11:51

Таццяну Марыніч завочна асудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў.

Анастасію Хамянкову завочна асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў. Абедзвюх жанчын пазбавілі права пяць гадоў займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых прац. 

Яўген Пугач асуджаны да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (20 тысяч рублёў). Яго таксама пазбавілі права пяць гадоў займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых прац. 

Яго прызналі вінаватым паводле арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэкса. 

За што судзілі «Імагуру»?

Паводле следства, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова маюць дачыненне да «ўчынення шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-ым годзе».

«Іх асноўная мэта — дыскрэдытацыя канстытуцыйных асноў Рэспублікі Беларусь, падтрыманне радыкальнага і пратэснага патэнцыялу, а таксама захоп улады неканстытуцыйным шляхам», — гаварылася ў праўладных крыніцах.

Паводле якіх артыкулаў разглядалі справу?

Крымінальную справу супраць Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача разглядалі паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У тым ліку — паводле ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала суддзя Любоў Сімахіна.

Марыніч і Хамянковай ставілася ў віну 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

Канчатковае пакаранне складзенае шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў і далучэння дадатковых пакаранняў. Так, паводле ч. 2 арт. 243 жанчын асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 3000 базавых велічынь (120 тысяч рублёў), а таксама пазбаўлення права займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў. Паводле ч. 1 арт. 357 Марыніч асудзілі да дзевяці гадоў калоніі, Хамянкову — да васьмі гадоў калоніі са штрафам у памеры 5000 базавых велічынь (200 тысяч рублёў) кожнай. Паводле ч. 3 арт. 361-1 Марыніч прызначанае пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі, Хамянковай — чатырох гадоў калоніі, таксама кожнай з іх прызначаны штраф у памеры 2000 базавых велічынь (80 тысяч рублёў) кожнай.

Nashaniva.com