У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы
Пра доўгатэрміновыя прагнозы на наступныя зімовыя месяцы ў Беларусі расказала начальніца службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына Істоміна на прэс-канферэнцыі ў Мінску, піша «Смартпрэс».
03.12.2024 / 19:10
«Сёння мы з месячнай своечасовасцю можам спрагназаваць толькі анамалію тэмпературы або анамалію ападкаў: г.зн. на колькі цяплей ці халадней будзе ў пэўным месяцы, на колькі вільготным або сухім будзе гэты месяц, — патлумачыла Кацярына Істоміна. — Найбольш дакладныя прагнозы мы цяпер можам рабіць толькі на тыдзень наперад».
Паводле яе слоў, у цэлым зіма 2024/2025 года з верагоднасцю больш за 50% у Беларусі будзе цёплай.
«Ападкі будуць у межах кліматычнай нормы. Аднак з-за таго, што тэмпература будзе павышанай, ёсць верагоднасць, што ападкаў будзе больш у змяшанай і вадкай фазе (мокры снег, дождж). То-бок на падставе доўгатэрміновых прагнозаў на працяглае снегавое покрыва пакуль разлічваць не даводзіцца», — адзначыла спецыялістка.
Разам з тым, гэтай зімой абавязкова будуць і моцныя маразы, і вельмі цёплае надвор'е, дадала яна.
«Будзе і снег, каб пакатацца на санках і лыжах. Дакладней сёння сказаць проста немагчыма», — канстатавала прадстаўніца Белгідрамета.
Нічога канкрэтнага яна пакуль не можа сказаць і адносна надвор'я на Новы год:
«На жаль, сучасны ўзровень прагназавання не дазваляе сіноптыкам з належнай дакладнасцю за месяц спрагназаваць надвор'е ў тым ці іншым пункце ў канкрэтны дзень».
Якім будзе надвор'е ў першы тыдзень снежня
Прагноз надвор'я на першыя дні зімы