Шэсць апазіцыйных партый Паўднёвай Карэі падрыхтавалі законапраект аб імпічменце прэзідэнту

Дакумент плануюць унесці ў парламент заўтра.

04.12.2024 / 11:38

Члены галоўнай апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі праводзяць мітынг супраць прэзідэнта перад будынкам парламента. Фота: AP Photo/Ahn Young-joon

Шэсць апазіцыйных партый Паўднёвай Карэі падрыхтавалі законапраект аб імпічменце прэзідэнту краіны Юн Сок Елю, паведамляе агенцтва «Рэнхап».

Дакумент плануюць унесці ў парламент заўтра, 5 снежня, і ў наступныя два дні правесці па ім галасаванне. Для прыняцця законапраекта спатрэбіцца не менш за дзве траціны, або 200, галасоў дэпутатаў. У апазіцыі, прадстаўленай у парламенце сям'ю партыямі, ёсць толькі 192 мандаты.

Раней паведамлялася, што апазіцыйныя партыі таксама збіраюцца абвінаваціць Юна ў дзяржаўнай здрадзе. На іх думку, увядзенне ваеннага становішча, падчас якога вайскоўцы паспрабавалі захапіць парламент, раўназначна мяцяжу і выходзіць за рамкі судовай недатыкальнасці прэзідэнта.

Аб увядзенні надзвычайнага рэжыму было абвешчана ў аўторак вечарам. Указ, які дзейнічаў шэсць гадзін, забараняў працу палітычных партый, пратэсты, забастоўкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы з правам на вынясенне смяротнага прысуду, паведамляе Радыё Свабода.

Перад будынкам парламента сабраліся пратэстоўцы — больш за пяць тысяч, паводле ацэнак апазіцыі. Дэпутаты проста падчас штурму будынка вайскоўцамі прагаласавалі за адмену рашэння прэзідэнта. Пасля гэтага ён па законе быў вымушаны адмяніць указ.

У Паўднёвай Карэі патрабуюць адстаўку прэзідэнта пасля спробы перавароту

Ваеннае становішча ў Паўднёвай Карэі адмяняецца

Войскі, якія ачапілі парламент Паўднёвай Карэі, сталі пакідаць будынак. Здаецца, вайсковы пераварот праваліўся

Nashaniva.com