Фрыдман: Пасля вайны ціск Масквы на Лукашэнку павялічыцца
Аналітык Аляксандр Фрыдман паразважаў наконт таго, ці будзе Лукашэнка ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне і як заканчэнне вайны паўплывае на Беларусь.
05.12.2024 / 08:00
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Maxim Shipenkov Pool Photo via AP
«Наша Ніва» пацікавілася ў аналітыка Аляксандра Фрыдмана, ці пойдзе Украіна на тэрытарыяльныя саступкі на будучых мірных перамовах і як спыненне вайны паўплывае на Беларусь і пазіцыю Лукашэнкі.
Аляксандр Фрыдман: Думаю, што юрыдычных саступак не будзе. Цяжка ўявіць, што ўкраінцы прызнаюць, што Крым і тэрыторыі Запарожскай, Херсонскай, Данецкай, Луганскай абласцей былі абвешчаныя часткай Расіі. Гэтага юрыдычнага прызнання не будзе ні з боку Украіны, ні з боку Захаду.
З майго пункту гледжання, максімум, які магчымы на гэтых перамовах — гэта спыненне баявых дзеянняў.
Зараз можна спыніць вайну і імкнуцца вырашаць астатнія пытанні нейкім мірным шляхам. А гэта можа цягнуцца вельмі доўга. А каб [на перамовах] знайшліся адказы на ўсе пытанні, і ў нас быў нейкі новы сусветны парадак (назавём гэта так)… — мне гэта цяжка ўявіць у сённяшніх умовах.
Адпаведна, для Лукашэнкі яго мары пра ўдзел у перамовах, хутчэй за ўсё, не здзейсняцца.
Яго шанец [на ўдзел] у тым, калі будзе абмяркоўвацца пасляваенны лад у Еўропе, калі высветленыя галоўныя пытанні, калі знятыя пытанні межаў. А гэтыя пытанні знятыя не будуць.
Праблема Лукашэнкі заключаецца ў тым, што, з аднаго боку, ён прызвычаіўся да гэтай вайны. Беларуская эканоміка — гэта частка расійскай ваеннай эканомікі. І нядрэнна існуе ў гэтых умовах. Сітуацыя, прынамсі, не горшае, а нават лепшае.
З другога боку, яму пакуль удалося дасягнуць той сітуацыі, у якой на тэрыторыі Беларусі няма баявых дзеянняў. Беларуская армія не ўдзельнічае ў вайне. То-бок, сітуацыя для яго не дрэнная. Але ёсць велізарная рызыка вайны. І гэтая вайна можа перакінуцца на Беларусь у кожны момант. Лукашэнка пра гэта ведае.
Калі ўсё ж такі баявыя дзеянні спыняцца, то пагроза вайны для Беларусі значна знізіцца. І гэта добра для Лукашэнкі. Але значэнне Беларусі для Расіі не павысіцца, хутчэй панізіцца.
Цяпер Беларусь важная для Расіі. Гэта адзіны саюзнік, гэта частка расійскага ваенна-прамысловага комплексу. Гэта псіхалагічна, эканамічна, геапалітычна важна.
Калі вайны ўжо больш не будзе, дык важнасць Беларусі і гатоўнасць з боку Расіі цярпець Лукашэнку, ягоную самастойнасць і выбрыкі, можа знізіцца. То-бок ціск на Лукашэнку пасля таго, як скончыцца вайна, павялічыцца. І гэта будзе непрыемная сітуацыя і для яго, і для Беларусі.
Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO