«Амбасада Беларусі парасла травой. Але Нацгвардыя ўсё яшчэ там патрулюе». Беларус расказаў пра тыдзень у Кіеве

Беларус правёў тыдзень у Кіеве і расказаў «Салідарнасці», якая цяпер атмасфера ў горадзе, пра што размаўляюць украінцы і як беларуская амбасада сімвалічна парасла травой.

04.12.2024 / 13:54

Усе фота: асабісты архіў героя

Аляксандр ездзіў Кіеў, каб удзельнічаць у беларуска-ўкраінскім форуме імя Астрожскіх. Але пазней вырашыў застацца яшчэ на некалькі дзён, каб паглядзець, як жыве сталіца падчас вайны і сустрэцца са сваімі ўкраінскімі сябрамі. Яго візіт ва Украіну акурат прыпаў па часе з адным з найбуйнейшых паветраных удараў па Украіне.

— Выязджалі мы аўтобусам з Варшавы. Польскую мяжу прайшлі хутка, а на ўкраінскай стаялі каля 13 гадзін. Я разумею, што гэта цалкам нармальна, бо ўсе праверкі, якія мы праходзілі, былі дзеля ўкраінскай бяспекі, — распавядае Аляксандр у інтэрв’ю «Салідарнасці». — Да таго ж, і прадстаўнікі СБУ, і памежнікі былі з намі вельмі ветлівыя.

«У першую ноч я амаль не спаў»

Саша ўжо быў ва Украіне пасля пачатку паўнамаштабнай вайны — у 2022 і 2023 годзе, але ў Львове.

— І там не было так шмат паветраных трывог, як у Кіеве. Праз некалькі гадзін, як я прыехаў, пачуў першую паветраную трывогу.

У першую ноч я амаль не спаў. Спачатку да чатырох гадзін раніцы, бо чуў, як працавала СПА, выбухі, а ў вакне бачыў трасёры. Потым заснуў на некалькі гадзін і прачнуўся а сёмай раніцы, таксама ад моцнага выбуху.

Сябры растлумачылі, што сістэма СПА знаходзіцца побач з нашым домам, таму так добра чуваць. Жылі мы на 18 паверсе, таму, шчыра кажучы, было страшна.

Страшна было і тым, хто прыехаў на форум з Львова, бо на захадзе краіны няма такіх частых трывог. А тыя, хто жыве ў Кіеве, на жаль, прызвычаіліся да такой рэчаіснасці.

Падчас адной з трывог, калі ўсе вырашылі проста спакойна пайсці да хаты, я здзівіўся, думаў: можа, трэба застацца ў бомбасховішчы і перачакаць? Але за амаль тры гады паўнамаштабнай вайны людзі прызвычаіліся да такога жыцця, што, канешне, сумна. 

«Нават у Кіеве, дзе зараз не чакаюць пагрозы з боку Беларусі, усё роўна падрыхтаваныя на выпадак, калі гэта зноў здарыцца»

— Тыя, з кім я размаўляў, 100% падтрымліваюць ЗСУ, а таксама недзе валанцёраць. Але таксама ёсць сярод людзей і песімізм: яны стаміліся. Мае сябры баяцца, што Украіна можа не перамагчы — у тым сэнсе, што можа не вярнуць усе свае тэрыторыі, або вайна скончыцца на непрымальных для ўкраінцаў умовах.

Суразмоўца адзначае, што ў Кіеве жыццё больш-менш нармальнае, але нават па сталіцы бачна, што краіна ў стане вайны.

— Шпацыруючы, я заўважыў вялікую колькасць вайскоўцаў. Таксама вельмі шмат банераў, якія заахвочваюць далучыцца да адной з самых папулярных брыгад — трэцяй штурмавой.

Можна, проста гуляючы, таксама заўважыць зруйнаваныя ад расійскіх ракет будынкі. Большасць з тых, якія пацярпелі ў 2022 і 2023 гадах, ужо адбудаваныя або амаль адбудаваныя. Але я бачыў таксама будынак, які напалову зруйнаваны — як ударыла ракета, так і засталося.

Вельмі адчуваецца вайна на Майдане Незалежнасці. Там з'явіўся стыхійны мемарыял, дзе людзі пакідаюць сцягі, фотаздымкі загінулых вайскоўцаў. У тым ліку там ёсць бела-чырвона-белыя сцягі.

Кожную хвіліну да мемарыяла прыходзяць людзі, пакідаюць кветкі або проста стаяць.

На Майдане таксама засталіся супрацьтанкавыя вожыкі. Яны, дарэчы, ёсць амаль у кожным дворыку на кожнай вуліцы. То бок, нават у Кіеве, дзе зараз не чакаюць пагрозы з боку Беларусі, усё роўна падрыхтаваныя на выпадак, калі гэта зноў здарыцца.

Падчас паветраных трывог спыняецца рух грамадскага транспарту, а на метро немагчыма даехаць да левага берагу. Рэстарацыі, як адзначыў суразмоўца «Салідарнасці», працягваюць працу.

— І ў кожнай рэстарацыі ёсць сваё бомбасховішча. Таксама ў многіх рэстарацыях збіраюць данаты на ЗСУ.

«Нацыянальная гвардыя Украіны ўсё яшчэ патрулюе будынак беларускай амбасады»

Дзеля цікавасці малады чалавек таксама прайшоўся да амбасады Беларусі ў Кіеве, дзверы якой зараз зачыненыя.

— Крыжа, які ўсталявалі насупраць амбасады ахвярам рэжыму Лукашэнкі, там ужо няма, але помнік Уладзіміру Караткевічу захаваны. Чырвона-зялёнага сцяга на амбасадзе таксама няма, застаўся афіцыйны герб.

Амбасада не працуе і парасла травой, што вельмі сімвалічна. Але здзівіла, што Нацыянальная гвардыя Украіны ўсё яшчэ патрулюе будынак амбасады.

Са сваімі сябрамі і знаёмымі, распавядае Саша, ён шмат размаўляў пра Беларусь.

— Тыя, хто мяне раней не ведаў, цікавіліся, чаму прыехаў ва Украіну падчас вайны, як праходзіў мяжу, многія пыталіся пра 2020 год.

Шмат маіх сяброў вельмі зацікаўленыя беларускай тэмай. Я распавядаў, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, змяніў сістэму, праводзіў рэферэндумы па змене сімволікі і па змене канстытуцыі, пра тое, як аказвалі ціск на апазіцыю, пра палітычныя забойствы.

Таксама ўкраінцаў цікавіла тэма беларускіх дэмсіл у выгнанні: ці ёсць у іх нейкі ўплыў на ўнутраную палітыку ў Беларусі, што яны робяць дзеля падтрымкі Украіны і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

«Падзякавалі, што я прыйшоў, сказалі, што ў мяне добра атрымліваецца размаўляць па-ўкраінску»

Ведаючы, што ў Кіеве працуе клініка Protez Foundation, сузаснавальнікам якой з'яўляецца беларус Юрый Арашыдзэ, Саша завітаў туды на экскурсію.

— Экскурсію праводзіў украінскі ветэран — 22-гадовы хлопец з вельмі складанай гісторыяй. У 2022 годзе ён абараняў Украіну пад Кіевам і трапіў у засаду разам з пабрацімамі. Шмат хто з іх загінуў, а ён трапіў у палон.

Пасля абмену ён страціў абедзве нагі, кісць рукі і тры пальцы на іншай руцэ. Гэтага можна было б пазбегчы, калі б у расійскім палоне не былі жудасныя ўмовы.

Але нягледзячы на ўсё, малады хлопец не губляе аптымізму і працягвае рабіць важныя рэчы. Ён працуе ў клініцы, размаўляе з вайскоўцамі, якія страцілі канечнасці — дапамагае ім псіхалагічна, а таксама праводзіць кансультацыі, каб разумець, як камунікаваць з чалавекам пры пратэзаванні.

Мяне вельмі ўразіла гэтая клініка, бо яна, як распавёў сам ветэран, працуе на ўмовах адкрытасці. Гэты досвед яны перанялі ў ЗША. Нават калі паглядзець на сам будынак, то ў яго вельмі вялікія вокны. То бок можна з вуліцы глядзець, што адбываецца ў клініцы і як дапамагаюць ветэранам.

Падчас экскурсіі спрабаваў размаўляць па-ўкраінску. Але было зразумела, што я не мясцовы. Мяне запыталіся, адкуль я — адказаў, што з Беларусі. Потым мне патлумачылі: «Як мы можам дрэнна ставіцца да беларусаў, калі адзін з сузаснавальнікаў нашай клінікі — беларус?».

Мне было вельмі прыемна, што я гэта пачуў. Мне таксама сказалі, што ў мяне добра атрымліваецца размаўляць па-ўкраінску і падзякавалі, што я прыйшоў.

«Я б вельмі хацеў, каб людзі не забываліся, што ва Украіне ўжо амаль тры гады ідзе вайна»

Вяртаўся беларус у Польшчу самастойна — на аўтобусе. Саша набыў квіткі на FlixBus, але кіроўцы аўтобуса не хацелі яго пускаць — спачатку ў іх было пытанне да таго, што ў хлопца не біяметрычны пашпарт, а потым да таго, што беларускі.

Беларус пачаў пераконваць кіроўцаў, што праблем на мяжы ў яго не будзе — ён прыехаў ва Украіну легальна. Гэта спрацавала, і Саша спакойна вярнуўся ў Варшаву.

— Я заўсёды падтрымліваў Украіну. Але гэтая паездка яшчэ больш узмацніла маю падтрымку і маё суперажыванне ўкраінскаму народу.

Я на свае вочы пабачыў, як звычайныя людзі жывуць у ваенных умовах. Вельмі хацеў бы, каб усе не забываліся, што ва Украіне ўжо амаль тры гады ідзе паўнамаштабная вайна. Цяжка прадказаць, што будзе далей. Калі Расія, напрыклад, пераможа Украіну, то потым яна куды пойдзе? Ніхто не ведае.

Таму на гэта трэба звяртаць увагу кожны дзень і не думаць: «А мяне гэта не тычыцца, я ж там не жыву». Я б вельмі хацеў, каб тыя, хто гэта прачытаў і каму тэма вайны абыякавая, задумаліся. Проста нават з боку гуманізму. Кожны дзень там паміраюць людзі.

Спадзяюся, што гэта вайна скончыцца як мага хутчэй на прымальных для Украіны ўмовах.

Nashaniva.com