У Тбілісі ўпершыню за тыдзень пратэсная акцыя завяршылася без разгону

Таксама на мітынгу практычна не выкарыстоўвалася піратэхніка.

05.12.2024 / 07:51

Фота: Newsgeorgia.ge

У Тбілісі пратэсная акцыя ў ноч на чацвер абышлася без сутыкненняў з паліцыяй і разгону дэманстрантаў. Гэта стала першым такім выпадкам за тыдзень праеўрапейскіх мітынгаў, піша Newsgeorgia.ge.

Звычайна тысячы людзей пачыналі адціскаць ад парламента Грузіі пасля сутыкненняў паміж невялікімі групамі пратэстоўцаў і сілавікоў на прылеглых да праспекта Руставелі вуліцах. Напярэдадні на акцыі такіх фактаў не было. 

Таксама на мітынгу практычна не выкарыстоўвалася піратэхніка.

Аднак без затрыманняў не абышлося. Двух чалавек затрымалі пасля слоўнай сваркі з сілавікамі на вуліцы Чычынадзэ. Прынамсі трое дэманстрантаў перавялі ва ўчасткі яшчэ да пачатку мітынгу, па выніках вобшукаў пасажыраў станцыі метро «Плошча Свабоды» — выбарачна спынялі людзей са сцягамі, якія, відавочна, ішлі на мітынг. У паліцыі заявілі, што знайшлі ў затрыманых супрацьпраўныя прадметы.

Бліжэй да 2 гадзіны ночы дэманстранты перамясціліся ад парламента бліжэй да плошчы Рэспублікі. Каля 04: 30 яны разышліся з Руставелі.

Маштабныя пратэсты стыхійна пачаліся ў Грузіі 28 лістапада. Нагодай стала заява прэм'ера Іраклія Кабахідзэ. Ён абвясціў, што ўлады вырашылі да канца 2028 года не ўключаць у парадак дня пытанне перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз і адмовіцца ад усіх бюджэтных грантаў з боку супольнасці.

У Тбілісі мітынгі разганялі з дапамогай вадамётаў, гумовых куль, слёзацечнага газу і пярцовага спрэю. За тыдзень улады затрымалі больш за 300 чалавек. Большасць з іх збітыя сілавікамі. У ліку пацярпелых больш за паўсотні супрацоўнікаў СМІ, якія асвятлялі пратэсты. Міністэрства аховы здароўя дала справаздачу аб шпіталізацыі 134 пратэстоўцаў, 20 журналістаў і 50 супрацоўнікаў МУС.

Напярэдадні паліцыя правяла рэйды ў офісах апазіцыйных партый і кватэрах грамадзянскіх актывістаў. Па выніках 7 чалавек затрымалі па абвінавачванні ў арганізацыі групавога гвалту.

МУС паведаміла аб канфіскацыі кактэйляў Молатава і феерверкаў, а таксама касак, рэспіратараў, дажджавікоў і іншых сродкаў, якія прапаноўвалі пратэстоўцам добраахвотнікі падчас мітынгаў. Грамадзянская супольнасць і апазіцыя расцэньваюць апошні дзеянні ўладаў як пачатак рэпрэсій і спробу запалохвання.

Кабахідзэ назваў іх «прэвенцыяй». Паводле яго, акцыі планаваліся загадзя.

Nashaniva.com