Суд у Маскве над Суздальцавым за паклёп на Лукашэнку зрабілі закрытым

Крымінальная справа супраць расійскага палітолага Андрэя Суздальцава заведзена паводле пазову пасольства Беларусі ў Расіі за паклёп на Лукашэнку

05.12.2024 / 12:07

Лефортаўскі суд Масквы закрыў пасяджэнне па справе Андрэя Суздальцава без тлумачэння прычын. Яго абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку. Пасля гэтага працэс чарговы раз быў адкладзены на 16 снежня.

Крымінальная справа супраць Суздальцава заведзена паводле пазову пасольства Беларусі ў Расіі за паклёп (арт. 128.1 ч. 2 і ч. 5 Крымінальнага кодэкса РФ). 

Па артыкулах, якія інкрымінуюцца Суздальцаву, яму пагражае да 5 гадоў зняволення.

Але нават калі справа скончыцца не турмой, а штрафам або папраўчымі работамі, для Суздальцава такі прысуд можа азначаць, што ён больш не зможа працаваць у ВНУ і афіцыйна займацца навуковай дзейнасцю. 

Андрэй Суздальцаў — расійскі палітолаг, палітычны каментатар па беларускай тэматыцы. Ён крытык рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але выключна з прарасійскіх пазіцый.

Ён нарадзіўся ва Уладзівастоку, у пачатку 1990-х ажаніўся з беларускай і пераехаў у Беларусь, дзе стаў разгортваць прарасійскую дзейнасць у асяродку дэмакратычнай апазіцыі.

У 2006 годзе ён быў пазбаўлены дазволу на жыхарства і высланы з краіны. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, Суздальцаў ставіў «пад пагрозу нацыянальную бяспеку Беларусі».

Пасля дэпартацыі Суздальцаў асеў у Маскве, дзе стаў намеснікам дэкана факультэта сусветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі.

11 студзеня 2024 года МУС РБ прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-канал «Андрей Суздальцев». Пасля таго канал неадкладна спыніў працу.

У канцы сакавіка 2024 года старонка Андрэя Суздальцава знікла з сайта Вышэйшай школы эканомікі, імаверна, праз пераслед беларускімі ўладамі. У красавіку расійскія СМІ паведамілі пра ягонае затрыманне, што сам палітолаг пасля абвяргаў і называў «правакацыяй».

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Вось пра што быў забаронены артыкул пра Лукашэнку ў «Маскоўскім камсамольцы» — які выдалілі пасля просьбы з Мінска

Вось пра што быў забаронены артыкул пра Лукашэнку ў «Маскоўскім камсамольцы» — які выдалілі пасля просьбы з Мінска

«Для яго Лукашэнка — беларускі нацыяналіст». Чым вядомы расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў

Nashaniva.com