Вярнуўся з вайны, уладкаваўся ў Варшаве, пасварыўся з усімі — і знік. Прыяцелі пра экс-каліноўца Максіма Ралько, якога затрымалі ў Беларусі
20 лістапада на тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, дзе паказалі двух затрыманых былых байцоў палка Каліноўскага. Адзін з іх — Максім Ралько. Хлопца здымалі ў камеры СІЗА КДБ, ён сядзеў у кайданках. «Медыязона» знайшла тых, хто быў знаёмы з добраахвотнікам, паразмаўляла з саслужыўцамі і сабрала, што вядома пра затрыманага, яго жыццё ў Польшчы і службу ва Украіне.
06.12.2024 / 15:15
Скрыншот АНТ
Служыў у палку, але не ваяваў
Максім Ралько прыйшоў у Полк Каліноўскага ў 2022 годзе. Тады яму быў 21 год. Служыў у тыле: стаяў на варотах базы і ахоўваў склады.
На баявыя задачы не выязджаў. Калега ўспамінае, што Максім быў дзіўным, але нічога дрэннага, знаходзячыся на службе, не рабіў. Строіў рэкрутаў, здымаў тыктокі.
— Ніхто яго сур'ёзна не ўспрымаў. Як баявы юніт нічога з сябе не ўяўляў, бо за паўтара-два гады службы ён ні разу не аказаўся на баявых, альбо адзін раз выязджаў з «мінамёткай» для птушачкі.
Прыяцелі Максіма, з якімі ён пасябраваў у Варшаве, успамінаюць, што не чулі ад Максіма аповедаў пра баявыя заданні за час службы.
— Я жартам пытаўся: «колькі маскалёў накалаціў?». Маўчанне зацягнулася. Магчыма, ён не быў у баі. Але я не магу сказаць дакладна, — кажа Дзмітрый.
У пачатку 2024-га Ралько звольніўся з Палка Каліноўскага, вярнуўся ў Варшаву.
Дзмітрый кажа, што са службы Максім вярнуўся пасталелым, але стаў рэзкім у размовах. Мог дазволіць сабе выпады на адрас блізкіх людзей і не выбачаўся за гэта.
Вярнуўся і пачаў вучыцца
Уладкавацца ў Варшаве хлопцу дапамагалі прыяцелі Дзмітрый і Ігар. Мужчыны падтрымлівалі Максіма, Ігар узяўся дапамагчы з вучобай, а Дзмітрый — знайшоў кватэру.
Грошай, якія хлопец зарабіў ва Украіне, з лішкам хапіла на некалькі месяцаў. Ён арандаваў кватэру ў цэнтры Варшавы, пачаў вывучаць тэсціраванне ў IT. Ігар дапамагаў яму асвоіць новую прафесію, паколькі сам даўно працуе тэсціроўшчыкам. Дзмітрый друкаваў яму неабходныя навучальныя матэрыялы.
— Ён загарэўся гэтай справай, пагрузіўся ў тэсціраванне, пачаў хадзіць на айцішныя тусоўкі. Але таксама збіраўся зноў уладкавацца ахоўнікам у «Бядронку», каб не застацца без грошай.
Удзельнічаў у пратэстах, пасварыўся з сям'ёй
Пра жыццё Максіма да пераезду ў Польшчу вядома няшмат. Нарадзіўся ў Мінску, скончыў сярэднюю школу № 70, паведаміла «Медыязоне» ініцыятыва «Белпол».
Максім расказваў Дзмітрыю, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, рабіў плакаты, распаўсюджваў улёткі. У ініцыятыве «Спісы затрыманых» «Медыязоне» расказалі, што ў іх няма звестак пра затрыманні Максіма Ралько ў Мінску ў 2020-2021 гадах.
Па словах Ігара, Ралько быў у канфлікце з мамай з-за палітыкі, хлопец расказваў, што ў юнацтве бываў час, калі ён не жыў дома. У Беларусі ў Ралько з блізкіх застаўся таксама дзядуля, але яны перасталі кантактаваць пасля ад'езду.
Хадзіў на акцыі ў Варшаве
Пераехаўшы ў Польшчу, Ралько атрымаў статус дадатковай абароны, працаваў ахоўнікам у «Бядронцы», жыў у хостэлах. Часам Максім спыняўся ў Дзмітрыя ў Варшаве — прыяцелі шмат размаўлялі пра Беларусь. Максім здаваўся яму «кемлівым хлопцам, які разумеў учынкі і схопліваў многае адразу».
Скрыншот відэа «Белсат»
З Ралько абодва прыяцелі пазнаёміліся на акцыях у Варшаве ў 2020-2021 годзе. Ігар успомніў, што Ралько шукаў перакладчыка з рускай на англійскую, каб размаўляць са СМІ.
— Я падахвоціўся, мы сустрэліся, пачалі стэлефаноўвацца. Ён шмат хадзіў на пікеты ў Варшаве, рабіў нейкія перформансы палітычныя.
У YouTube даступна відэа выдання «Белсат», дзе Ралько праводзіць адзіночны пікет каля будынка польскага МЗС. Ролік падпісаны «былы старшы следчы Максім Ралько правёў адзіночную акцыю ў Варшаве», але знаёмы Ігар кажа, што журналісты памыліліся.
— Гэта нейкая памылка. Яму было 19 гадоў, калі ён прыехаў.
Прыяцель лічыць, што журналісты маглі так падумаць пра Ралько, паколькі той быў фанатам «мілітары-тэмы»: збіраў вайсковыя нашыўкі, сцягі, нават купіў кайданкі і муляж пісталета для «перформансаў».
— Ён, вядома, быў дзівакаватым, але вельмі сумленным і адкрытым.
Іншы прыяцель называе Ралько «па-юнацку пазітыўным, што магло раздражняць навакольных».
Прапаў
Праз пару месяцаў пасля вяртання з Украіны ў Польшчу Максім пасварыўся з сябрамі і знік. Аднаго з іх ён абвінаваціў у шпіянажы.
— Не ведаю, што ў яго памянялася, але ў яго з'явіліся паранаідальныя думкі, што яго пераследуюць, усюды агенты з КДБ і ФСБ. Пачалася шыза. Ён мяне абвінавачваў, агульных сяброў, былую дзяўчыну… Пасварыўся на гэтую тэму моцна.
Ён прыводзіў у прыклад зусім бяскрыўдныя выпадкі, бачыў у іх нешта сур'ёзнае. Напрыклад, ён уступіў у «Беларускую хрысціянскую дэмакратыю», кіраўнік нашай суполкі прапанаваў схадзіць на нейкае пасяджэнне, і ён у гэтым убачыў нешта нядобрае. Не памятаю, што менавіта, але шмат такіх выпадкаў было, — распавядае Ігар.
Ралько выйшаў на сувязь у маі 2024 года. Расказаў, што знаходзіцца ў Германіі і вырашыў там падацца на бежанства. Пазней Максім паведаміў, што збег з лагера для бежанцаў і пакінуў усе дакументы, уключаючы пашпарт.
Ігар лічыць, што Максім мог паехаць у Германію з-за «паранаідальных думак» і сумневаў, што яму бяспечна знаходзіцца ў Польшчы.
Наступны раз сябры Максіма ўбачылі ў выразках з сюжэту АНТ — ён сядзеў у кайданках у СІЗА. Як і чаму ён апынуўся ў Беларусі — быў дэпартаваны ці вярнуўся сам — невядома.