Парламент Паўднёвай Карэі не змог набраць неабходнай для імпічменту прэзідэнту колькасці галасоў
абноўлена
Сёння парламент краіны павінен быў вырашыць, ці захавае прэзідэнт Юн Сок Ёль сваю пасаду. Імпічмент мог не адбыцца: прэзідэнцкая партыя «Сіла народа» пакінула пасяджэнне.
07.12.2024 / 14:32
Пратэстоўцы каля будынка парламента. Фота: Ahn Young-joon / AP
107 членаў «Сілы народы» з 108 пакінулі залу пасяджэнняў, байкатуючы галасаванне. Такім чынам партыя спрабуе прадухіліць пераход сваіх членаў на іншы бок: галасаванне па пытанні імпічменту праводзіцца таемна, і калі некалькі чалавек з партыі прагаласуюць «за», ён адбудзецца, піша Бі-бі-сі.
Для гэтага трэба 200 галасоў з 300, а ў апазіцыі пакуль 192 галасы. Акрамя таго, пра намер галасаваць за імпічмент заявіў адзін з дэпутатаў прэзідэнцкай партыі, Ан Чхоль Су. Пазней у залу пасяджэнняў вярнуліся як мінімум трое з дэпутатаў, што пакінулі яго, праўда, адзін з іх ужо заявіў, што галасаваць будзе супраць.
Яшчэ адзін дэпутат ад кіроўнай партыі, які раней выказваўся за імпічмент, перадумаў.
Вакол парламента сабраўся шматтысячны натоўп пратэстоўцаў. Яны патрабуюць арышту і імпічменту прэзідэнта, які ў аўторак абвясціў пра ваеннае становішча.
Дэпутатаў, якія пакідалі пасяджэнні, яны праводзілі абуранымі крыкамі, якія вярнуліся — радасна віталі.
Аднак у выніку парламент не змог набраць неабходнай для імпічменту колькасці галасоў.
Спікер аб'яўляе аб пачатку падліку галасоў. Калі парламенцкія чыноўнікі прыступаюць да падліку галасоў, натоўп перад парламентам змоўк, назіраючы за прамой трансляцыяй на экране. Затым спікер аб'явіў, што «галасаванне не можа адбыцца», паколькі не было кворуму, паведамляе Бі-бі-сі.