Трамп ацаніў страты Расіі ў 600 тысяч забітых і параненых і заклікаў Пуціна «спыніць вар’яцтва»
«Я добра ведаю Уладзіміра. Прыйшоў яго час дзейнічаць. Кітай можа дапамагчы. Свет чакае!» — напісаў Трамп.
08.12.2024 / 11:03
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля сустрэчы ў Елісейскім палацы ў Парыжы, 7 снежня 2024 г. Фота: AP Photo / Michel Eule
Трамп напісаў, што Асада больш няма. Расія, паводле яго слоў, больш не зацікаўленая ў яго абароне.
У Расіі наогул не было прычын заставацца там, лічыць Трамп.
Па яго словах, Расія страціла цікавасць да Сірыі праз Украіну, бо «блізу 600 000 расійскіх вайскоўцаў былі параненыя або забітыя ў вайне, якая ніколі не павінна была пачацца».
«Расія і Іран цяпер знаходзяцца ў аслабленым стане, адна з-за Украіны і дрэннай эканомікі, іншая — з-за Ізраіля і яго поспехаў у баявых дзеяннях. Сапраўды гэтак жа Зяленскі і Украіна хацелі б заключыць угоду і спыніць гэтае вар'яцтва. Яны страцілі 400 000 салдат і значна больш грамадзянскіх асоб. Неабходна неадкладна спыніць агонь і пачаць перамовы. Занадта шмат жыццяў растрачваецца марна, занадта шмат сем'яў руйнуецца, і калі так будзе працягвацца і далей, гэта можа перарасці ў нешта значна большае і значна горшае. Я добра ведаю Уладзіміра. Прыйшоў яго час дзейнічаць. Кітай можа дапамагчы. Свет чакае!» — напісаў Трамп.