Самалёт Асада знік з радараў на падлёце да расійскай базы ў Хмейміме

Пусты, абсалютна пусты міжнародны аэрапорт Дамаска: ніводнага сілавіка, ніводнага памежніка. Добра апранутыя людзі бягуць на самалёт. Гэта кадры са сталіцы Сірыі сёння ўначы.

08.12.2024 / 11:57

Самалёт Іл-76, на якім, як мяркуецца, сёння ўначы вылецеў з Дамаска Башар Асад, знік з радараў на падлёце да расійскай вайсковай базы на ўзбярэжжы.

Паводле звестак Flightradar24, Іл-76 авіякампаніі Syrian Air у 4:55 па Дамаску вылецеў з аэрапорта горада. Спачатку ён кіраваўся на ўсход, у боку Ірака, пасля павярнуў у кірунку расійскай вайсковай базы на ўзбярэжжы. Трохі не даляцеўшы, борт зрабіў рэзкі паварот, пасля чаго знік з радараў у 5:39.

Пры знікненні з радараў самалёт знаходзіўся на вышыні 500 м.

Так выглядаў маршрут самалёта, на якім мог ляцець Башар Асад

«Ён знік з радараў, магчыма, транспондар адключылі, але я лічу, што больш імаверна, што самалёт быў збіты…», — цытуе эксперта крыніца Reuters.

Прыкладна ў той самы час прэм’ер Сірыі заявіў аб перамовах пра перадачу ўлады і што ў краіне павінны быць свабодныя выбары, каб «сірыйцы маглі выбіраць».

Зрынуты банер з выявай Башара Асада валяецца каля рэзідэнцыі прэзідэнта Сірыі ў Дамаску. Ранак 8 снежня. Фота AP Photo/Omar Sanadiki

Сям’я Асадаў кіравала Сірыяй 54 гады. Ахвярамі яе дыктатуры і развязанай імі грамадзянскай вайны сталі сотні тысяч людзей.

На выбарах 2021 года Башару Асаду напісалі 95,1% галасоў.

У рэальнасці рэжым Асада абапіраўся на меншасць насельніцтва краіны — алавітаў (Асады самі алавіты) і хрысціянаў розных канфесій. У той жа час супраць яго выступалі суніты, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і друзы, а таксама свецкія сірыйцы, якія выступаюць за дэмакратычны лад. Курды балансавалі між урадам і апазіцыяй, бо маюць уласныя інтарэсы.

Падаўленне масавых пратэстаў 2011 года выклікала грамадзянскую вайну. Асад застаўся ва ўладзе дзякуючы таму, што на яго баку ваявалі інтэрвенты з Расіі і Ірана. Паўстанцаў падтрымлівалі Турцыя і Саудаўская Аравія. ЗША доўгі час не ўмешваліся, але за апошнія гады ўзброілі і падрыхтавалі Свабодную сірыйскую армію ў кантраляваным імі анклаве на ўсходзе краіны. Менавіта ССА першай увайшла ў Дамаск учора.

Рэжым Асада паў за 10 дзён у выніку маланкавага наступу паўстанцаў — пасля таго, як Турцыя да іншыя краіны забяспечылі іх мінімумам сучасных узбраенняў.

Расія на гэты раз не магла ім дапамагчы, бо перакінула ўсе свае сілы ва Украіну. А іранскіх проксі разграміў Ізраіль у Ліване. 

Nashaniva.com