МЗС Расіі перастала называць сірыйскіх паўстанцаў тэрарыстамі — цяпер кажуць пра апазіцыю

Рыторыка расійскіх уладаў і тэлеканалаў змянілася літаральна за дзень.

08.12.2024 / 16:59

Башар Асад і Уладзімір Пуцін. Фота: Kremlin.ru

Міністэрства замежных спраў Расіі, а таксама дзяржаўныя СМІ перасталі называць сірыйскіх паўстанцаў тэрарыстамі. Цяпер выкарыстоўваецца слова «апазіцыя»

Яшчэ напярэдадні Сяргей Лаўроў заяўляў, што Расія ў Сірыі дапамагае змагацца з «тэрарыстамі». Але ў апошняй заяве МЗС Расіі пра адмову Асада ад улады «тэрарысты» называюцца «апазіцыяй» і «ўдзельнікамі ўзброенага канфлікту», заўважыла «Агенцтва». 

«У выніку перамоваў Б. Асада з шэрагам удзельнікаў узброенага канфлікту на тэрыторыі САР ён прыняў рашэнне пакінуць прэзідэнцкі пост і з'ехаў з краіны, даўшы ўказанне ажыццявіць перадачу ўлады мірным шляхам. Расія ў гэтых перамовах удзелу не прымала.

Пры гэтым мы звяртаемся да ўсіх бакоў, уцягнутых у канфлікт, з настойлівым заклікам адмовіцца ад гвалту і вырашаць усе пытанні кіравання палітычным шляхам. У сувязі з гэтым Расійская Федэрацыя знаходзіцца ў кантакце з усімі групоўкамі сірыйскай апазіцыі», — гаворыцца ў заяве МЗС Расіі, апублікаванай на сайце ведамства сёння.

На тым жа сайце ёсць расшыфроўка размовы Лаўрова з журналістамі напярэдадні. У ёй апаненты рэжыму Башара Асада называюцца «тэрарыстамі».

«Нашы ВКС, якія базуюцца ў г. Хмеймім у Сірыі, дапамагаюць сірыйскай арміі ліквідаваць наступленне тэрарыстаў», — казаў Лаўроў у суботу.

Падобная метамарфоза адбылася і ў працы расійскіх тэлеканалаў. У першых ранішніх выпусках яны паведамлялі, што Дамаск захапілі «тэрарысты» і «баевікі». Аднак ужо ў апошніх выпусках навін на «Россия-1» гэтыя словы больш не выкарыстоўваліся.

Nashaniva.com