Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Тартус, дзе знаходзіцца адзіная расійская ваенна-марская база ў рэгіёне
Яшчэ раней жыхары горада пачалі зносіць статуі Асадаў.
08.12.2024 / 17:38
Расійскі фрэгат «Адмірал Галаўко». Фота: Мінабароны Расіі
Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў буйны партовы горад Тартус, паведамляе Al Jazeera. Мясцовыя жыхары яшчэ раней узнялі сцягі апазіцыі і пачалі руйнаванне статуй Асадаў.
У Тартусе размешчана расійская ваенна-марская база. Розныя крыніцы яшчэ напярэдадні паведамлялі, што расіяне пачалі выводзіць караблі з Тартуса.
Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што з вучэнняў у Міжземным моры на базу не вярнуліся два з шасці караблёў ВМФ Расіі. Тартус пакінулі фрэгат «Адмірал Гаршкоў» і дапаможнае судна «Ельня», пішуць OSINT-аналітыкі.
Цяпер на базе знаходзяцца фрэгат «Адмірал Галаўко», вартавы карабель «Адмірал Грыгаравіч», дапаможнае судна «Вязьма» і падводная лодка «Наварасійск».
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны таксама паведамляла, што Расія наўмысна выводзіць караблі з Тартуса. Пры гэтым МЗС Расіі напярэдадні абвяргала інфармацыю пра вывад караблёў.
Расійскія праваенныя блогеры пісалі пра падрыхтоўку да эвакуацыі і авіябазы ў Хмейміме побач з Латакіяй. Паводле некаторых звестак, у Латакію таксама ўвайшлі сірыйскія паўстанцы.
База ў Тартусе — адзіны апорны пункт расійскага флоту ў Міжземным моры. Яе страта нанесла б крытычны ўдар па ўплыве Крамля ў Паўночнай Афрыцы ва ўмовах закрыцця Басфора для расійскіх ваенных караблёў.
МЗС Расіі перастала называць сірыйскіх паўстанцаў тэрарыстамі — цяпер кажуць пра апазіцыю
Башар Асад пакінуў пасаду прэзідэнта Сірыі і краіну — МЗС Расіі
Фрыдман: Лёс Асада паказвае, што Лукашэнку «арэшнікі» не дапамогуць