У БДТУ адкрыюць сумесную з расіянамі магістратуру па беспілотніках

Студэнтаў будуць вучыць праектаваць і вырабляць дроны.

08.12.2024 / 19:41

«Шахед». Ілюстрацыйнае фота

У 2025 годзе ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце з’явяцца новыя напрамкі магістратуры.

На кафедры палімерных кампазіцыйных матэрыялаў магістрантаў будуць навучаць па новых спецыяльнасцях: «праектаванне беспілотных авіяцыйных комплексаў» і «тэхналогія вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў», паведамляе БелТА.

Навучанне будзе арганізавана ў межах супрацоўніцтва з расійскім універсітэтам у Казані. Адзін год магістранты будуць навучацца ў тэхнічным універсітэце імя Тупалева ў сталіцы Татарстана, другі год — у БДТУ паводле сумеснага вучэбнага плана.

Навучанне будзе платным, а транспартныя выдаткі і выдаткі на пражыванне будуць аплачвацца самім магістрантам.

Nashaniva.com