Сірыйскія ўцекачы масава вяртаюцца на радзіму пасля звяржэння рэжыму Башара Асада

Пасля падзення рэжыму сірыйскага дыктатара Башара Асада тысячы ўцекачоў пачалі вяртацца ў Сірыю. На апублікаваных у сацыяльных сетках фотаздымках і відэа можна ўбачыць, як на памежных пунктах выстройваюцца велізарныя чэргі аўтамабіляў, людзі радуюцца, танчаць, нясуць валізкі і з гонарам паказваюць свае сірыйскія пашпарты.

09.12.2024 / 15:34

На фота і відэа з дрона, зробленым турэцкім тэлеканалам TRT Haber, дзясяткі тысяч сірыйцаў, якія вяртаюцца ў Дамаск пасля падзення рэжыму Асада. Увечары 8 снежня на ўсіх дарогах у сталіцу Сірыі ўтварыліся агромністыя заторы. Многія пакідалі свае машыны на ўзбочынах, каб забраць іх пасля, і ішлі ў Дамаск пешшу

Асабліва моцны наплыў назіраецца з суседняга Лівана, дзе пражывае каля 1,5 мільёна сірыйскіх бежанцаў. Таксама паведамляецца аб масавым вяртанні з Турцыі, дзе знаходзяцца каля трох мільёнаў сірыйцаў. У памежным пункце Маснаа, які злучае Бейрут і Дамаск, натоўпы людзей прыбывалі ўвесь дзень, а дзеці размахвалі сцягамі Сірыі, піша BILD.

Сірыйцы прыбываюць, каб перайсці ў Сірыю з Турцыі праз памежны пункт Чылвегозу, 9 снежня 2024 г. Фота: AP Photo / Metin Yoksu

У самой Турцыі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган даўно знаходзіцца пад ціскам грамадскасці, якая патрабуе вяртання бежанцаў. Цяпер, пасля змяненняў у Сірыі, гэты працэс можа паскорыцца.

Паводле звестак турэцкага ўрада, больш за 240 тысяч сірыйцаў ужо атрымалі грамадзянства Турцыі. Акрамя таго, многія дзеці нарадзіліся ў краіне і ніколі не былі на радзіме сваіх бацькоў.

Сірыйцы прыбываюць, каб перайсці ў Сірыю з Турцыі праз памежны пункт Чылвегозу, 9 снежня 2024 г. Фота: AP Photo / Metin Yoksu

Тым часам у Нямеччыне, дзе пражывае блізу мільёна сірыйскіх уцекачоў, абмяркоўваецца магчымасць вяртання мігрантаў. Па законе, уцекачы, якія атрымалі абарону з-за палітычных пераследаў або вайны, могуць страціць гэты статус, калі сітуацыя ў Сірыі стабілізуецца. Некаторыя нямецкія палітыкі ўжо заклікаюць да перагляду статусу такіх людзей і да пачатку іх вяртання.

Nashaniva.com