Лукашэнка працягвае гаварыць пра «Арэшнік»: Цэлі вызначаць будзем мы ў Беларусі, не расіяне

У Беларусі каля 30 пляцовак для магчымага размяшчэння «Арэшніка», — ад іх павінна быць мінімальная адлегласць да аб'ектаў паражэння. Пра гэта заявіў Лукашэнка падчас паездкі ў Барысаў, піша БелТА.

10.12.2024 / 13:40

«Усё гэта прадумана сёння. Мы цяпер думаем, дзе, на якіх плошчах размясціць гэтую зброю. У нас ад размяшчэння стратэгічных ядзерных ракет пляцоўкі захаваныя», — сказаў ён.

«У нас дзясяткі тры такія пляцоўкі. Вось мы абярэм, бо там мінімальная адлегласць да аб'ектаў паражэння павінна быць. Размесцім і нацэлім. Вы, напэўна, заўважылі, што мая ўмова Пуціну была адна:

«Цэлі вызначаць будзем мы ў Беларусі, не расіяне. Але эксплуатаваць дапаможаце». Гэта значыць разам будзем націскаць на кнопку, не дай божа, калі гэта трэба. Але цэлі будзем вызначаць мы. Пагадзіўся», — заявіў ён. 

Лукашэнка сцвярджае, што ў «Арэшніку» ўся пускавая ўстаноўка беларуская, акрамя ракеты.

«Лакалізацыя найвышэйшая. Я яму [прэзідэнту Расіі] сказаў: «Мы не ставім пытанне аб ракеце. Калі трэба, будзем разам рабіць, у нас кампетэнцый дастаткова ў гэтым плане, будзем дапамагаць, як па атамнай станцыі. А пускавую ўстаноўку мы вырабім — МЗКЦ робіць. І больш сур'ёзныя рэчы робіць. Таму вось давайце разам рухацца», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што чакае паставак «Арэшніка» ў другой палове 2025 года.

Варта адзначыць, што многія эксперты сумняюцца, што «Арэшнік» рэальна наяўны ў Расіі ў нейкай колькасці. Гучалі думкі, што гэта перадусім піяр-аперацыя, каб застрашыць Захад і прымусіць яго адмовіцца ад падтрымкі Украіны.

У НАТА і Пентагоне заявілі, што «Арэшнік» не зменіць ходу канфлікту ва Украіне.

Nashaniva.com