Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй

Выступаючы перад рабочымі ў Барысаве, Лукашэнка закрануў пытанне суверэнітэту Беларусі і апраўдваўся за насычэнне яе тэрыторыі расійскай зброяй.

10.12.2024 / 19:32

Лукашэнка ў Барысаве. Фота: БелТА

«Мы павінны свой лёс вызначаць самі. І нікога тут унутры быць не павінна. Вось многія крычаць: «Вось Расея тут акупавала». Паслухайце, не са мной. Ніхто тут нікога не акупаваў», — заявіў Лукашэнка.

Тое ж, што Расія размяшчае ў Беларусі сваю магутную зброю кшталту «Іскандэраў» і мае намеры гэта рабіць далей, размясціўшы «Арэшнік» — проста «дапамога» з яе боку.

«Дапамагаеце — добра. Не — значыць не», — сказаў Лукашэнка.

Прытым гэта, паводле ягоных слоў, працэс узаемны, бо і Беларусь сёння вельмі патрэбна Расіі, у прыватнасці, для вытворчасці мікрасхем для ракет і самалётаў. І нічога ў гэтым кепскага, бо, маўляў, «Айчына адна», хоць дзяржаў і дзве:

«Так атрымалася, што ў нас сёння самастойная дзяржава. Не Расія. Кампактная, нармальная дзяржава, але, як аказалася, вельмі патрэбная сёння для Расіі. Вось тое, што вы робіце, у Расіі гэта не робяць, у такім плане гэта не робяць. І рынак тут велізарны, і па многіх напрамках, у тым ліку па мікраэлектроніцы».

Пасол Беларусі ў Расіі Барыс Грызлоў і дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрый Мезенцаў у Мінску 6 снежня 2024 года. Фота Contributor Getty Images

Пуцін нібыта нават пры кожнай нагодзе расхвальвае беларусаў, што «вы ўсё захавалі, вы нічога не разбурылі». Праўда, для сучасных айфонаў і іншых тэлефонаў рабіць беларусы чыпы не могуць, і іх трэба купляць.

«А вось для самалётаў, ракет і іншага, для космасу — [рабіце] пабольш, і яны, аказваецца, больш патрэбныя для расіян. Мы гэта робім і прадаем. Сёння яны нам далі грошы, каб мы мадэрнізавалі сваю вытворчасць. Дзякуй. Мы гэтым займаемся», — сцвярджае Лукашэнка.

Пры гэтым ён зноў успомніў пра нібыта наяўныя паўсюдныя знешнія пагрозы і падкрэсліў уласнае міралюбства:

«Мы выстаялі, мы будзем выбудоўваць сваю краіну. Хачу, каб быў мір. Адсюль і просьба да Расіі: дайце тое, дайце гэта. Дзесьці нешта мы купім, але многае ўжо пачалі рабіць самі. З намі вельмі цяжка будзе ваяваць, калі, не дай бог, што здарыцца ў нашай, як я кажу, лясіста-балоцістай мясцовасці. Амаль немагчыма».

За межы ж Беларусі ён пасылаць войскі не збіраецца:

«Нам патрэбны мір, каб вось працаваць тут. І нікога нікуды мы не збіраемся пасылаць. Нам трэба сваё адстаяць». 

Што да ядзернай зброі, то Лукашэнка заклікае не верыць тым, хто гаворыць, нібыта на тэрыторыі Беларусі яе насамрэч фізічна няма:

«Я сюды завёз ядзерныя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук. Многія пішуць: «А, гэта жарт, ніхто нічога не завёз». Завезлі. А тое, што яны [апаненты] гавораць, што гэта жарт, значыць, яны празявалі. Яны нават не заўважылі, як мы сюды іх завезлі».

Лукашэнка: Ніякі Асад не дыктатар. Ён лячыў людзей, ніколі нікога не забіваў

Лукашэнка працягвае гаварыць пра «Арэшнік»: Цэлі вызначаць будзем мы ў Беларусі, не расіяне

Лукашэнка сказаў, што некалькі разоў наведваў рэанімацыі падчас першых хваляў кавіду

Лукашэнка прапанаваў рабіць аўтобусы са шклопластыку

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі

Nashaniva.com