Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў
Да зімы аўтаўладальнікі пераабуваюцца ў прыдатную гуму, аднак старым шынам не заўсёды знаходзяць дарэчнае прымяненне. Асабліва крэатыўныя гараджане выразаюць з іх лебедзяў і ставяць у дварах. Але камунальнікі супраць.
11.12.2024 / 09:58
Выкарыстанне шын у якасці элементаў дэкору часцяком выглядае неахайна і псуе агульны знешні выгляд двара або клумбы. Акрамя таго, яны могуць стаць прычынай траўмавання дзяцей і хатніх жывёл, пішуць «Мінск-Навіны».
— Згодна з пастановай урада жыхары шматкватэрных дамоў абавязаныя трымаць у чысціні не толькі жылыя памяшканні і месцы агульнага карыстання, але таксама тэрыторыю ля дома.
Таму ўстаноўка рэчаў з пластыкавых бутэлек, шын або старых цацак недапушчальная. Кветнікі прызначаныя ў першую чаргу для высадкі дэкаратыўных раслін і кветак. Пры гэтым усё, што вышэй за 1,5 м, падлягае ўзгадненню з ЖЭС і ЖЭУ, — распавёў начальнік аддзела па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жыллёвага фонду ЖКГ Савецкага раёна Мінска Кірыл Васіленка.
Немалаважным з'яўляецца і тое, што старыя шыны вылучаюць таксічныя хімічныя рэчывы, уключаючы бензол, стырол і фенол, якія могуць пранікаць у глебу і ваду.
Таксама шыны не раскладаюцца натуральным шляхам і могуць назапашвацца ў навакольным асяроддзі. Таму лысую гуму пасля замены рэкамендуецца пакінуць на СТА. Калі ж на шынамантажы не прадугледжаны такі сэрвіс для аўтаўладальнікаў, то старыя шыны варта здаць у пункт прыёму другаснай сыравіны.
Што тычыцца ўпрыгожвання двароў, лепш аддаць перавагу класіцы — раслінам. Для афармлення кветкавых кампазіцый існуюць больш экалагічныя, практычныя і візуальна прывабныя альтэрнатывы, раяць камунальнікі.