З новага года консульскі збор за польскую нацыянальную візу для беларусаў вырасце
З беларусаў, якія падаюць дакументы на нацыянальную польскую візу, з 1 студзеня 2025 года будуць спаганяць консульскі збор у памеры 60 еўра (раней ён складаў 35 еўра). Пра рашэнне МЗС Польшчы паведаміў канал «Беларусы ў Польшчы».
11.12.2024 / 13:27
Ад аплаты консульскага збору вызваляюцца:
асобы, якія прэтэндуюць на гуманітарную візу;
непаўналетнія, якім споўнілася 12 гадоў, але не споўнілася 18 гадоў;
асобы, якія не дасягнулі 25 гадоў, якія наведваюць семінары, канферэнцыі, спартыўныя, культурныя або адукацыйныя мерапрыемствы, арганізаваныя некамерцыйнымі арганізацыямі;
асобы, якія прэтэндуюць на візу на падставе карты паляка.
Акрамя візавага збору спаганяецца сэрвісны збор: пры падачы дакументаў у візавых цэнтрах у Мінску, Гомелі, Магілёве, Брэсце, Пінску, Баранавічах — 18 еўра (уключаючы ПДВ), у Гродне, Лідзе — 12,84 еўра (уключаючы ПДВ).
Рашэнне аб консульскім зборы прынята на год, да 31 снежня 2025 года.