Краінам ЕС дазволілі абмяжоўваць права на прытулак для мігрантаў
Еўрапейская камісія прыняла камюніке, накіраванае на ўмацаванне бяспекі межаў Еўрасаюза і падтрымку краін ЕС у барацьбе з гібрыднымі пагрозамі, звязанымі з выкарыстаннем міграцыі як зброі з боку Беларусі і Расіі. Краінам, якія мяжуюць з Беларуссю і Расіяй, будзе выдзелена дадатковая дапамога і дазваляецца ў некаторых выпадках абмяжоўваць права на прытулак.
11.12.2024 / 16:48
Фота ілюстрацыйнае
Еўракамісія лічыць, што дзяржавы, якія мяжуюць з Беларуссю і Расіяй, павінны ва ўмовах пастаянных гібрыдных пагроз дзейнічаць рашуча. Для ўмацавання межаў ім будзе выдзеленая дадатковая падтрымка.
Польшча атрымае 52 млн еўра, Фінляндыя — 50 млн, Эстонія — 19,4 млн, Латвія — 17 млн, Нарвегія — 16,4 млн, Літва — 15,4 млн.
«Мы зрабілі яшчэ адзін рашучы крок, каб падтрымаць дзяржавы-члены на перадавой у барацьбе з гібрыднымі пагрозамі з боку Расіі і Беларусі, звязанымі з недапушчальным выкарыстаннем міграцыі як зброі. […] Дыктатарам ніколі нельга дазваляць выкарыстоўваць нашы еўрапейскія каштоўнасці супраць нас», — заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Камюніке вызначае рамкі дзеянняў, закліканых не дапусціць выкарыстанне Беларуссю і Расіяй прынцыпаў і каштоўнасцяў Еўрасаюза супраць самога Еўрасаюза. У дакуменце адзначаецца, што Беларусь і РФ выкарыстоўваюць людзей для варожых дзеянняў, ігнаруючы іх уразлівасць.
«Яны выкарыстоўваюць гэтую гібрыдную вайну як палітычны інструмент для дэстабілізацыі нашых грамадстваў, падрыву адзінства ЕС і пагрозы бяспецы ды цэласнасці Шэнгенскай зоны і Саюза ў цэлым», — гаворыцца ў камюніке.
Адзначаецца, што краіны ЕС пры абароне вонкавых межаў павінны выконваць асноўныя правы і забарону на прымусовае вяртанне, але з прычыны сур'ёзнага характару і сталасці пагроз на межах з Беларуссю і Расіяй краіны ЕС могуць у выключных выпадках «пайсці далей, чым прадугледжана другасным заканадаўствам ЕС пад кантролем Еўрапейскага суда».
«Гэта можа ўключаць захады, якія могуць пацягнуць за сабой сур'ёзнае ўмяшанне ў асноўныя правы, такія як права на прытулак і звязаныя з ім гарантыі з улікам патрабаванняў Хартыі», — гаворыцца ў дакументы.
Удакладняецца, што такія меры павінны быць суразмернымі, часовымі і абмяжоўвацца строгай неабходнасцю ў выразна вызначаных выпадках.
Сірыйскія ўцекачы масава вяртаюцца на радзіму пасля звяржэння рэжыму Башара Асада
Дуда: Мы вяртаем жалезную заслону на мяжы з Беларуссю і Расіяй, хоча таго Захад ці не
Прэм'ер Польшчы заявіў, што ў ЕС разумеюць яго міграцыйную палітыку
Урад Польшчы ўхваліў стратэгію супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі. Сталі вядомыя новыя дэталі
Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы