Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю
Пасярэднікам у пастаўках супрацьтанкавых ракетных комплексаў была Балгарыя.
12.12.2024 / 08:39
Аляксандр Лукашэнка і Башар Асад падчас сустрэчы ў Менску, Беларусь, 26 ліпеня 2010 года. Фота: AP/Мікалай Пятроў, БелТА
Аляксандр Лукашэнка падтрымліваў і працягвае падтрымліваць Башара Асада, ужо былога прэзідэнта Сірыі. Але, падобна, што пры гэтым сірыйская апазіцыя атрымлівала беларускае ўзбраенне, паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Як так сталася?
У 2015 годзе Беларусь адправіла ў Балгарыю 240 пераносных супрацьтанкавых ракетных пускавых установак ATGS 9P135M «Конкурс», а таксама 140 ручных гранатамётаў AGS-17 на агульную суму €37,9 млн. У тым жа годзе Сафія перадала 136 установак «Конкурс» ЗША і яшчэ 80 — Саудаўскай Аравіі. «Конкурсы» — гэта савецкія супрацьтанкавыя ракетныя комплексы. Эксперты кажуць, што для патрэбаў амерыканскага і саудаўскага войскаў яны не ўяўлялі цікавасці. У гэты перыяд ЗША рэалізоўвалі праграму па ўзбраенні сірыйскай апазіцыі.
Апроч таго, прадстаўнікі амерыканскай абароннай кампаніі «Regulus Global» у імэйл-перапісцы сцвярджалі, што яе вайсковыя інструктары праходзілі ў Беларусі навучанне па выкарыстанні такіх СТРК. Гэта стала вядома з матэрыялаў справы аб гібелі аднаго з гэтых інструктараў у Балгарыі праз няшчасны выпадак на палігоне. Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP назваў «Regulus Global» падрадчыкам Пентагону.
Прадстаўнік Камандавання спецыяльных аперацыяў ЗША лейтэнант-камандэр Мэцью Ален у каментары выданню BuzzFeed у 2015 годзе таксама заявіў, што Пентагон набываў у Беларусі ракеты для праграмы ўзбраення сірыйскіх паўстанцаў.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не раз выказваў падтрымку Башару Асаду. Пасля з'яўлення паведамленняў пра ўцёкі апошняга ў Маскву, Лукашэнка запэўніў, што з былым сірыйскім лідарам у яго «добрыя былі чалавечыя стасункі».
«Ніякі ён не дыктатар. Ён лекаваў людзей як лекар. Ён ніколі нікога не забіваў», — сказаў Лукашэнка 10 снежня падчас працоўнай паездкі ў Барысаў.